У Мінску зносяць прыватны сектар у Лошыцы
1- 12.05.2026, 17:40
- 1,316
Лід: Што будзе на яго месцы?
Мінчукоў зносам ужо не здзівіш. На працягу апошняга года ў сталіцы разбіралі, здаецца, усё: заводы, дамы і ледзь не параходы. Да канца вясны 2026-га тэхніка дабралася да ціхага і бясконца прыгожага куточка сталіцы — Лошыцкага завулка, паведамляе Onlíner.
Лошыцкі завулак — сэрца так званай Вёскі вучоных. Калісьці тут і яшчэ на некалькіх суседніх вуліцах будавалі дамы для супрацоўнікаў Беларускага навукова-даследчага інстытута пладоўніцтва, гародніцтва і бульбаводства. Сам інстытут месціўся ў Лошыцкай сядзібе.
Усяго для супрацоўнікаў інстытута было ўзведзена 10 дамоў, кожны — на дзве кватэры.

За доўгія-доўгія гады вучоныя і іхныя спадкаемцы абжылі выдзеленыя соткі, ператварыўшы пустынныя вулачкі ў квітнеючыя сады.
Спакойнае жыццё жыхароў прыватнага сектара цягнулася да 2015 года, калі адміністрацыя Ленінскага раёна агучыла планы зносу Вёскі вучоных. Ужо не эфемерныя, як раней, а цалкам рэальныя. Маўляў, сталіца будзе «перакройвацца» на сучасны лад, і прыватнаму сектару ў такой лакацыі няма чаго рабіць. На яго месцы павінна з’явіцца шматкватэрная Лошыца-5.

Жыхары «вёскі» спрабавалі змагацца за магчымасць застацца ў сваіх дамах, нават падавалі ў суд на Мінгарвыканкам, але, як бачым, праз 11 гадоў пытанне вырашылася. І не так, як хацелася б мясцовым.
Ужо некалькі дзён у Лошыцкім завулку гаспадарыць спецтэхніка і людзі з бензапіламі. Рабочыя зносяць тыя самыя дамы на дзве кватэры і спілоўваюць духмяныя квітнеючыя сады.

За тым, як змяняецца калісьці ціхая і ўтульная Вёска вучоных, назіраюць не толькі мясцовыя жыхары, якія пакуль яшчэ засталіся ў сваіх дамах. Кожны крок дакументуе на камеру смартфона 12-гадовы хлопчык Коля. Проста з цікавасці. Бо яму не абыякава. Магчыма, Коля вырасце і апублікуе маштабны нарыс пра гэты куточак Мінска (з унікальнымі архіўнымі кадрамі).

А пакуль жужжаць бензапілы, і рабочыя выконваюць агучаны на дзень план. Усё — дзеля з’яўлення ў будучыні Лошыцы-5. Новага і моднага мікрараёна, размешчанага проста каля Лошыцкага парка. Увогуле падрыхтоўка тэрыторыі пад новы мікрараён вядзецца з 2024-га. Менавіта тады першыя сядзібы ператварылі ў шчэпкі.
Чаго чакаць ад гэтай лакацыі ў будучыні? На месцы сядзіб, садоў і дамоў для вучоных з’явяцца адразу тры кварталы.

Найбольш сімпатычны і стылёвы атрымаецца куточак, які прымыкае да парка (то бок размешчаны ўздоўж вуліцы Чыжэўскіх). Тут абяцаюць пабудаваць дамы не вышэйшыя за 3—5 паверхаў. Усё — паводле індывідуальных праектаў, то бок абыдзецца без панэлек (хоць і яны могуць быць сімпатычнымі — дастаткова ўспомніць «Англійскі квартал» або забудову «Сонечнага»).

З іншага боку, уздоўж будучага 3-га транспартнага кальца вырастуць 7—8-павярховыя дамы з убудавана-прыбудаванымі аб’ектамі абслугоўвання і падземнымі аўтастаянкамі. У паўднёвай і паўднёва-ўсходняй частках раёна на скрыжаванні магістральных вуліц размесцяцца некалькі архітэктурных акцэнтаў вышынёй да 14 паверхаў. Архітэктары падкрэсліваюць, што такая вышыня не парушыць успрымання аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, а больш высокія будынкі ўпішуцца ў ахоўныя зоны, паколькі месца іх размяшчэння максімальна аддалена ад сядзібна-паркавага комплексу.
Усяго ў Лошыцы-5 узвядуць 20 жылых дамоў (прыблізна на 3130 кватэр і 8 тысяч жыхароў), дзіцячыя сады на 190 і на 230 месцаў, школу і паліклініку для дарослых.

У новым мікрараёне хочуць «стварыць індывідуальныя жыллёвыя комплексы з непаўторным абліччам, адрозным ад прылеглых мікрараёнаў». А таксама сфармаваць пешаходны бульвар, размешчаны прыкладна па цэнтры ўсяго мікрараёна і які выводзіць да Свіслачы. Спадзяёмся, планы, агучаныя яшчэ ў 2023-м, не змяніліся.
Пачаць усур’ёз асвойваць пляцоўку будаўнікі павінны ўжо сёлета.