У Расіі мяняюць губернатараў адразу двух памежных з Украінай рэгіёнаў
2- 13.05.2026, 20:51
- 1,292
Свае пасады пакідаюць губернатары Белгарадскай і Бранскай абласцей.
Губернатар Белгарадскай вобласці Вячаслаў Гладкоў падаў заяву аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў. Уладзімір Пуцін прыняў яго адстаўку і прызначыў выконваючым абавязкі губернатара Аляксандра Шуваева — намесніка кіраўніка Іркуцкай вобласці і ўдзельніка вайны з Украінай.
Таксама сыходзіць са сваёй пасады губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз. Часова кіраваць рэгіёнам будзе Ягор Кавальчук.
Чуткі пра магчымую адстаўку Гладкова з'явіліся яшчэ некалькі тыдняў таму. Паводле паведамлення крыніцы выдання «Ведамасці», набліжанай да адміністрацыі прэзідэнта Расіі, у рэгіёне пагоршыліся якасць жыцця і ўзровень падтрымкі ўлады, таму ў Крамлі маглі палічыць мэтазгоднай замену кіраўніцтва.
У сярэдзіне красавіка Гладкоў пайшоў у двухтыднёвы адпачынак, які потым быў працягнуты. Сёння ён, аднак, каментаваў аварыю на чыгунцы, якая адбылася ў выніку падзення расійскай бомбы.