Іконы ксёндза-палітвязня не змаглі прадаць на аўкцыёне
- 14.05.2026, 12:59
Ікону XVIII стагоддзя дзяржава хоча забраць сабе.
Іконы, што належалі ксёндзу Генрыху Аколатовічу, былому палітвязню, не змаглі прадаць з таргоў.
Абодва аўкцыёны, прызначаныя на 14 мая, фактычна сарваліся, заўважыла «Хрысціянская візія». На больш танную ікону «Свяціцель Юліян, епіскап Кенаманійскі» (XIX — пачатак XX стагоддзя) за 700 рублёў зарэгістраваўся толькі адзін удзельнік. З гэтай прычыны таргі не адбыліся.
Набыць другую ікону «Уваскрасенне Хрыста з гробу» XVIII стагоддзя за 4000 рублёў наогул не знайшлося ахвотных. І менавіта адносна гэтага лота з’явілася важнае паведамленне: спагнальніку прапануюць пакінуць арыштаваную маёмасць сабе ў лік пагашэння «запазычанасці» па выканаўчым вытворстве. Інакш кажучы: калі ікону не ўдалося прадаць, яе могуць не вяртаць уладальніку, а перадаць дзяржаве — менавіта яно выступае спагнальнікам у выпадку са штрафам паводле прысуду.
Гэта азначае, што старадаўняя ікона можа проста стаць уласнасцю дзяржавы — без усялякіх аўкцыёнаў.
Раней улады канфіскавалі іншую маёмасць ксёндза-палітвязня. Яго аўтамабіль ужо змаглі прадаць.