У школах Беларусі з’явяцца новыя заняткі
1- 14.05.2026, 18:35
- 1,624
Чаму будуць вучыць.
Электрасамакатаў і іншых сродкаў персанальнай мабільнасці (СПМ) на вуліцах становіцца ўсё больш. І разам з тым часцей узнікаюць небяспечныя сітуацыі на дарогах, у тым ліку з удзелам дзяцей.
Таму беларускіх школьнікаў вырашылі дадаткова вучыць правілам язды на такім транспарце.
Міністэрству адукацыі і МУС ужо даручылі падрыхтаваць спецыяльныя матэрыялы для школ з апошнімі зменамі ПДР для веласіпедыстаў і кіроўцаў СПМ. Пра гэта піша abw.by.
Рашэнне аб падрыхтоўцы такіх матэрыялаў прынялі на пасяджэнні Камісіі па справах непаўналетніх пры Савміне.
Тэма бяспекі дзяцей на дарогах стала адной з ключавых. Чыноўнікі прыйшлі да высновы, што школьнікам ужо недастаткова проста ведаць Правілы дарожнага руху на базавым узроўні.
Цяпер ім хочуць распавесці пра актуальныя змены ў ПДР з улікам таго, наколькі папулярнымі сталі электрасамакаты і іншыя СПМ.
Пры гэтым акцэнт абяцаюць зрабіць на цалкам практычных рэчах. Дзецям будуць тлумачыць, дзе можна ездзіць, як правільна перасякаць дарогу і чаму дарожныя знакі нельга ігнараваць.
Пакуль дакладна невядома, у якім фармаце будуць праходзіць заняткі. Магчыма, гаворка ідзе пра асобныя блокі на класных або інфармацыйных гадзінах. Але не выключана, што для дзяцей падрыхтуюць і спецыяльны курс.