2 траўня 2026, Субота, 10:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінчанін Андрэй Маісеенка адзначыў стагадовы юбілей

3
Мінчанін Андрэй Маісеенка адзначыў стагадовы юбілей

Ён з’яўляецца ганаровым грамадзянінам нямецкага Веймара.

Мінчанін Андрэй Маісеенка — адзін з двух цяпер жывых вязняў канцэнтрацыйнага лагера «Бухенвальд». 1 мая мужчына адзначыў свой стагадовы юбілей у нямецкім горадзе Веймар. Інфармацыя пра гэта размешчаная на сайце Веймара, ганаровым грамадзянінам якога ён з’яўляецца. Непадалёк ад Веймара калісьці знаходзіўся Бухенвальд.

Андрэй Маісеенка нарадзіўся ў 1926 годзе ў Савецкім Саюзе, на тэрыторыі сучаснай Украіны, піша выданне stern.de са спасылкай на агенцтва dpa. Ён рана страціў маці, а бацька загінуў на вайне ў 1941 годзе.

У 15 гадоў яго, падлетка, пагналі ў Германію на прымусовыя працы. Тут хлопца прымусілі працаваць на зброевым прадпрыемстве ў Лейпцыгу. Пазней з-за падазрэнняў, што ён удзельнічаў у супраціве, яго перавялі ў канцлагер Бухенвальд, дзе ён быў вымушаны працаваць на каменяломні.

— Тое, што адбывалася ў Бухенвальдзе, выходзіць за межы чалавечага ўяўлення, — цытуе мужчыну Telegram-канал DW Беларусь. — Гэта былі істоты (гаворка пра вязняў. — Заўв. рэд.), з якіх было сцёрта ўсё чалавечае, усё духоўнае.

Амерыканскія войскі вызвалілі мужчыну 14 красавіка 1945 года — якраз перад тым, як эсэсаўцы збіраліся расстраляць яго групу.

— Мы былі ўсяго ў 500–800 метрах ад смерці, — успамінаў ён. — Я выжыў дзякуючы выпадковасці.

Усяго праз некалькі месяцаў пасля таго, як Андрэй Маісеенка вярнуўся з канцлагера, яго прызвалі ў Чырвоную армію. Ён служыў на тэрыторыі Беларусі і тут жа пасяліўся.

— Мне больш не было куды ісці, — успамінаў ён.

Апошнія 25 гадоў мужчына жыве адзін, перажыўшы сваю жонку і сыноў. Але актыўна падарожнічае — летась быў у Японіі, вучыць нямецкую мову, працуе ў ўласным садзе на лецішчы.

— Я працую дзве гадзіны, потым роблю гадзіну перапынак, потым зноў дзве гадзіны працы — і зноў перапынак, — цытуе Андрэя Іванавіча Telegram-канал DW Беларусь. У такой актыўнасці, жартуе ён, і ёсць яго сакрэт даўгалецця.

Нягледзячы на ўзрост, мужчына штогод прыязджае ў музей Бухенвальда. Памятныя мерапрыемствы беларус успрымае яшчэ і як магчымасць паразмаўляць з людзьмі. Ён выступае перад студэнтамі на лекцыях і кінапаказах і хоча як мага даўжэй дзяліцца сваёй гісторыяй.

— Я ўдзячны, што ёсць людзі, якім цікавая мая гісторыя, — кажа Андрэй Іванавіч.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках