Беларусы атрымліваюць дзіўныя «лісты шчасця»
3- 21.05.2026, 10:10
- 2,856
Атрымальнікаў паведамлення заклікаюць прыняць тэрміновыя меры.
За апошні час чытачы паведамілі «Онлайнеру» пра некалькі відаў паведамленняў нібыта пра дарожныя штрафы, пад якімі хаваюцца зламыснікі. Рэагаваць на іх не трэба, адкрываць спасылкі, што змяшчаюцца ў гэтых паведамленнях, можа быць небяспечна.
«Лісты шчасця» нібыта прыходзяць ад «ГИБДД Беларусі» або «Рэспубліканскага цэнтра апрацоўкі дарожных штрафаў Беларусі» і паведамляюць пра нейкія неаплачаныя штрафы. Пры гэтым атрымальніка паведамлення заклікаюць прыняць тэрміновыя меры: «Засталося ўсяго 3 гадзіны для своечасовай аплаты».


Падкрэсліваем: рэагаваць на такія паведамленні не трэба, пераходзіць па спасылках у іх небяспечна. Паведамленні рассылаюць махляры, каб завалодаць грашыма, а інфармацыя пра нібыта мелі месца парушэнні і штрафы — усяго толькі падстава.
У МУС пацвердзілі, што такія паведамленні не з'яўляюцца сапраўднымі і праваахоўнымі органамі Беларусі не рассылаюцца.
— Чысты фішынг, — заявілі ў міністэрстве.
Там адзначылі, што ні ГИБДД, ні «дарожнай паліцыі», ні «Рэспубліканскага цэнтра апрацоўкі дарожных штрафаў Беларусі» ў краіне не існуе. Ужо адно гэта павінна падказаць, што такія паведамленні трэба проста выдаляць. Акрамя таго, у такіх паведамленнях прысутнічае спасылка mvd_pl, якая таксама не мае ніякага дачынення да беларускага МУС і вядзе на махлярскі рэсурс.
У МУС падкрэслілі: ДАІ Беларусі не рассылае спасылкі для аплаты штрафаў і не прапануе пералічваць грошы праз староннія сэрвісы, аплаціць штраф можна толькі праз ЕРІП, банк або пошту.
— Ні ў якім разе не пераходзьце па падобных спасылках, тым больш з замежнымі даменамі, і ніколі не ўводзьце дадзеныя карты на сумніўных сайтах, — папярэдзілі ў МУС.