ЕС вызначыў дату пачатку перамоваў аб уступленні Украіны
2- 27.05.2026, 22:02
Яны пачнуцца ўжо ў найбліжэйшы час.
Еўрапейская камісія вызначыла графік перамоваў аб сяброўстве Украіны ў ЕС і плануе прапанаваць адкрыццё першага перамоўнага «кластара» ўжо ў сярэдзіне чэрвеня.
Пра гэта паведамляе Euractiv.
Паводле дадзеных высокапастаўленага чыноўніка ЕС, Еўракамісія прадставіць прапанову адкрыць першы «кластар» раздзелаў 16 чэрвеня на сустрэчы міністраў па еўрапейскіх справах у Бруселі ў рамках Рады агульных спраў.
Такі графік дазволіць лідарам Еўрасаюза канчаткова зацвердзіць гэты крок на пасяджэнні Еўрапейскай рады, якое адбудзецца праз два дні пасля гэтага.
Чакаецца, што астатнія перамоўныя «кластары» для Украіны і Малдовы будуць адкрыты ў ліпені.
Сам працэс далучэння складаецца з шасці так званых «кластараў», якія аб'ядноўваюць розныя сферы права ЕС.
Першы з іх датычыцца асноўных дэмакратычных, эканамічных і інстытуцыйных слупоў саюза — ён адкрываецца першым, але зачыняецца апошнім.
Для зацвярджэння кожнага этапу патрэбная аднагалосная падтрымка ўсіх 27 дзяржаў-членаў.
Раней еўраінтэграцыйны прагрэс Украіны істотна тармазіў Будапешт.
Былы прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан паслядоўна блакаваў любыя крокі Кіева на шляху ў ЕС, аднак пасля 16 гадоў пры ўладзе яго ўрад быў зменены па выніках сакавіцкіх выбараў у Венгрыі.
Новы прэм'ер-міністр краіны Петер Мадьяр дэманструе больш узважаны падыход. Хоць яго ўрад наўпрост не падтрымлівае сяброўства Украіны, Будапешт гатовы да кампрамісаў у абмен на разблакіроўку еўрапейскіх фондаў, якія былі замарожаныя з-за парушэння заканадаўства ЕС у часы Орбана.
Камісар ЕС па пытаннях пашырэння Марта Кос раней адзначала, што старт перамоваў стане магчымым адразу пасля завяршэння транзіту ўлады ў Венгрыі — верагодна, падчас старшынства Кіпра ў ЕС, якое працягнецца да канца чэрвеня.
Дакладныя параметры будучага сяброўства Украіны ўсё яшчэ абмяркоўваюцца.
У прыватнасці, разглядаліся наступныя альтэрнатывы:
Асацыяванае сяброўства — канцлер Германіі Фрыдрых Мерц дапусціў магчымасць інтэграцыі Украіны без поўнага права голасу, але Кіеў гэтую ідэю адхіліў.
Уступленне ў ЕЭЗ — міністр замежных спраў Нарвегіі Эспен Барт Эйдэ адхіліў варыянт, паводле якога Украіна магла б увайсці ў Еўрапейскую эканамічную зону (як Нарвегія, Ісландыя або Ліхтэнштэйн) як прамежкавы трамплін у ЕС, назваўшы такую схему занадта спецыфічнай і складанай.