Кіраўнік Пентагону: Любая здзелка з Іранам будзе выгаднай
6- 30.05.2026, 8:06
- 2,234
Каментар Хегсета прагучаў пасля важнай нарады ў Трампа.
Міністр вайны ЗША Піт Хегсет заявіў, што на дадзены момант любая дамова з Іранам будзе добрай здзелкай.
Пра гэта паведамляе CNN.
Паводле слоў Хегсета, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп праяўляе цярпенне, каб упэўніцца, што любая мірная дамова з Іранам гарантуе, што краіна не набудзе ядзерную зброю.
«Сёння раніцай у мяне была магчымасць пагаварыць з прэзідэнтам Трампам. Ён хацеў, каб я яшчэ раз падкрэсліў, наколькі цярплівы ён у імкненні да таго, каб любая здзелка, заключаная Амерыкай у межах гэтага гістарычнага пачынання, была добрай, нават выдатнай, і ён цярплівы ў гэтым імкненні», — сказаў ён на міжнародным форуме ў Сінгапуры.
Кіраўнік Пентагону дадаў, што калі Іран не жадае заключыць выгадную дамову, якая будзе гарантаваць адсутнасць у краіны ядзернай зброі, то тады Тэгеран можа «памерацца сіламі» з арміяй ЗША.
Пазней, калі рэпарцёр запытаў Хегсета наконт яго слоў пра тое, што «любая здзелка будзе выгаднай», той адказаў:
«Мне падабаюцца нешчырыя пытанні ад нешчырай прэсы. Я сказаў, што гэта будзе выгадная здзелка», — кажа міністр вайны ЗША.
Ён таксама адзначыў, што калі будзе адпаведны загад, то войскі ЗША гатовыя аднавіць баявыя дзеянні. Паводле яго слоў, запасаў зброі для гэтай задачы дастаткова.
Варта дадаць, што каментар Хегсета прагучаў пасля таго, як менш чым 12 гадзін таму Трамп правёў сустрэчу з саветнікамі ў сітуацыйным цэнтры Белага дома. Крыніцы CNN кажуць, што менавіта на гэтай сустрэчы прэзідэнт павінен быў прыняць «канчатковае рашэнне», ісці на здзелку з Іранам ці не.