31 траўня 2026, Нядзеля, 13:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка страціў пазіцыі нават у ЕАЭС

2
Лукашэнка страціў пазіцыі нават у ЕАЭС

Дыктатар партнёрам ужо нецікавы.

Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў дзейнасць ЕАЭС падчас саміту арганізацыі, які адбыўся 28–29 мая ў Казахстане. На яго думку, выніковасць арганізацыі трэба павышаць. Аднак іншым чальцам ЕАЭС гэта проста нецікава, а сама супольнасць усё больш рухаецца да існавання толькі на паперы, лічаць эксперты, паведамляе «Белсат».

Практычныя пытанні адклалі

Падчас першага дня саміту прадстаўнікі краін ЕАЭС абмяркоўвалі штучны інтэлект і па выніках прынялі сумесную заяву аб адказным развіцці ШІ. Аляксандр Лукашэнка таксама дзяліўся думкамі пра яго, але на другі дзень саміту прызнаў: накапілася шмат нявырашаных пытанняў.

«Але давайце будзем шчырымі: ключавыя пытанні — рэгуляванне агульнага фінансавага рынку, гандлёвыя бар'еры, электронны лічбавы подпіс і іншыя — адкладзеныя на потым. Гаворым пра штучны інтэлект, а практычныя пытанні, лічбавага подпісу, адклалі», — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што 12 гадоў таму ўсе пагадзіліся на глыбокую эканамічную інтэграцыю, бо ЕАЭС менавіта так і задумваўся, значыць трэба гэтага трымацца.

Аднак ёсць праблема ў тым, што насамрэч не ўсім з пяці чальцоў ЕАЭС (Беларусь, Расія, Казахстан, Арменія і Кыргызстан) патрэбная такая інтэграцыя.

«Лукашэнка зноў выступіў з даволі агрэсіўнай прамовай пра тое, што ўсе ўдзельнікі гэтай супольнасці недастаткова інтэгруюцца, не выконваюць усе правілы. Гэта яго даўняя палітычная роля ва ўсіх гэтых постсавецкіх інтэграцыйных арганізацыях», — кажа «Белсату» палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Лукашэнка паводзіць сябе так, нібыта Беларусь — адзіная краіна, якая сумленна выконвае ўсе дамоўленасці, а іншыя баяцца інтэграцыі і ідуць недастаткова далёка.

«Ніхто ж не скажа: “мы насамрэч не хочам шырэй інтэгравацца, для нас гэта небяспечна”. Таму іншыя кіраўнікі проста прамаўчаць, як заўсёды. Яны не рэагуюць на гэтыя наскокі Лукашэнкі, бо разумеюць, што сапраўды больш цесная інтэграцыя пагражае незалежнасці гэтых краін. Дэ-факта яны гальмуюць многія рашэнні падобных постсавецкіх устаноў, у якіх дамінуе Расія», — падкрэслівае Цыганкоў.

Супярэчлівая арганізацыя

Думку пра тое, што чальцы ЕАЭС не хочуць інтэгравацца з-за небяспекі, падзяляе і старшы навуковы супрацоўнік Фінскага інстытута міжнародных адносін Грыгорый Ніжнікаў. Пра гэта эксперт паведаміў «Белсату». Ён адзначае, што ЕАЭС — гэта не толькі эканамічны саюз, але і інструмент уплыву Крамля:

«Для Расіі гэта ў большай ступені быў метад барацьбы з Захадам, Еўрапейскім саюзам, каб краіны не рушылі ў бок Еўропы. Аднак калі вы даяце Маскве вялікі эканамічны ўплыў, яна заўсёды ператварае яго ў палітычныя інструменты. Таму сёння гэта такая супярэчлівая арганізацыя».

Эксперт дадае, што пасля 2022 года ўсе канчаткова зразумелі, што Расія — гэта небяспека. Нягледзячы на тое, што чальцы ЕАЭС зарабляюць на абыходзе антырасійскіх санкцый, яны разумеюць, што рызыкі ад інтэграцыі з Расіяй большыя, чым гандлёвыя выгоды, лічыць эксперт.

«Таму Арменія і Казахстан актыўна спрабуюць балансаваць і паступова адыходзіць ад гэтай залежнасці ад Масквы. У тым ліку развіваючы адносіны з Еўропай. Аднак выбары ў Арменіі цяпер паказваюць, наколькі Масква гатовая агрэсіўна перашкаджаць гэтаму працэсу», — кажа Ніжнікаў.

З-за таго, што Арменія дэманструе гатоўнасць збліжацца з Еўропай, адносіны з Масквой пагоршыліся. У прыватнасці, Арменія сутыкаецца з інфармацыйнымі атакамі. Сетка пракрамлёўскіх ботаў напярэдадні выбараў у Арменіі распаўсюджвае фэйкі пра тое, што Арменія нібыта рыхтуецца да вайны з Расіяй, і нават што ў Пашыняна праблемы са здароўем. Таксама Масква спрабуе ціснуць эканамічна і забараняе імпарт з Арменіі шэрагу тавараў.

Па выніках саміту ЕАЭС Крэмль апублікаваў сумесную заяву чальцоў ЕАЭС адносна Арменіі. Згодна з заявай, бакі нібыта бачаць «істотныя рызыкі» ў сувязі з тым, што Арменія ўзяла курс на далучэнне да Еўрапейскага саюза.

Акрамя таго, нават у эканамічных пытаннях ЕАЭС далёка не дасканалы саюз. Тут зноў жа Расія можа абмяжоўваць свабодны рух тавараў у яго межах дзеля сваёй карысці. Напрыклад, на пачатку 2020 года, калі Беларусь і Расія перажывалі «нафтавыя войны», Расія не дазволіла транзіт нафты з Казахстана ў Беларусь праз сваю тэрыторыю.

«Энергетыка — гэта заўсёды той сектар, у якім Масква была галоўнай перашкодай для інтэграцыі. Яна ніколі гэтага не хацела, разумеючы, што ва ўмовах энергетычнай залежнасці Арменіі і Беларусі гэта яе галоўны козыр, — кажа Грыгорый Ніжнікаў. — Цяпер мы бачым, што Арменія аддаляецца ад Масквы, і Расія якраз шантажуе цэнамі на газ і нафту і гэтак далей».

Беларусь страціла пазіцыі нават у ЕАЭС

Пакуль іншыя краіны спрабуюць дыстанцыявацца ад Расіі, Лукашэнку нічога не застаецца, акрамя заклікаў да актывізацыі інтэграцыі. Пры гэтым Беларусь нават у межах ЕАЭС выступае як дадатак да Расіі.

«Рашэнні ў ЕАЭС патрабуюць большасці галасоў. Калі, напрыклад, Казахстан, Арменію і Беларусь сабраць разам, яны могуць унутры гэтай арганізацыі блакаваць ініцыятывы Масквы, якія не ў іх інтарэсах. Калі да 2020 года Беларусь спрабавала ў межах ЕАЭС балансаваць супраць Масквы, то цяпер Мінск сабе такога не дазваляе. Вядома, што пасля 2020 года ў прынцыпе змянілася сама сутнасць адносін Мінска і Масквы», — кажа Ніжнікаў.

Ён адзначае, што нават сярод постсавецкіх краін ніхто не разглядае Лукашэнку як незалежнага актара на міжнароднай арэне, і стаўленне прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна гэта добра адлюстроўвае.

Пашынян ужо некалькі гадоў мае напружаныя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам з-за падтрымкі Беларуссю Азербайджана падчас ваеннага канфлікту ў Нагорным Карабаху. Пашынян нават заявіў, што ён сам і іншыя чыноўнікі Арменіі не прыедуць у Мінск, пакуль Лукашэнка ва ўладзе.

Саюз на паперы

Што да ЕАЭС, то будучыні ў яго няма, лічыць эксперт:

«Гэтая арганізацыя памірае. Яшчэ пандэмія каранавіруса паказала, што ЕАЭС нежыццяздольны, бо чальцы чхалі на існыя дырэктывы і пагадненні. Кожны рабіў так, як сам хацеў, асабліва Масква».

Паводле суразмоўцы, ЕАЭС ідзе шляхам СНД, якое існуе толькі на паперы. Галоўная прычына гэтага — дзеянні Расіі.

«Калі яна выкарыстоўвае гэтую арганізацыю ў палітычных і геапалітычных мэтах, то ўсе гэтым занепакоеныя. Ніхто на гэта не падпісваўся. Проста выйсці яны не могуць. Арменія нават АДКБ ігнаруе, але ж не выходзіць, бо няма магчымасці. Калі акно магчымасцяў адкрыецца, усе адтуль пабягуць. Пакуль будуць чакаць, каб не раззлаваць гэтага маскоўскага звера», — рэзюмуе Грыгорый Ніжнікаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках