Расія абвясціла аднабаковае перамір’е з Украінай на 8–9 мая
15- 4.05.2026, 20:39
- 5,414
Адначасова Мінабароны РФ пагражае нанесці масіраваны ўдар па цэнтры Кіева.
Міністэрства абароны Расіі паведаміла, што паводле рашэння дыктатара Уладзіміра Пуціна на 8–9 мая абвяшчаецца перамір’е з Украінай у гонар перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. «Разлічваем, што ўкраінскі бок паследуе гэтаму прыкладу», — адзначаецца ў паведамленні Мінабароны.
Сёння прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі дапусціў, што армія краіны з дапамогай дронаў можа атакаваць Парад Перамогі на Чырвонай плошчы. У сувязі з гэтым у Мінабароны Расіі паведамілі, што «будуць прыняты ўсе неабходныя меры для забеспячэння бяспекі святочных мерапрыемстваў».
Калі армія Украіны паспрабуе «рэалізаваць свае злачынныя планы», узброеныя сілы Расіі «нанясуць у адказ масіраваны ракетны ўдар па цэнтры Кіева», — заявілі ў Мінабароны. «Расія, нягледзячы на наяўныя ў нас магчымасці, з гуманітарных меркаванняў ад такіх дзеянняў раней устрымлівалася», — адзначылі ў ведамстве.
«Папярэджваем грамадзянскае насельніцтва Кіева і супрацоўнікаў замежных дыпламатычных прадстаўніцтваў аб неабходнасці своечасова пакінуць горад», — дадалі ў Мінабароны Расіі.