Напярэдадні 9 мая ў Расіі — перапалох
27- 5.05.2026, 15:47
- 17,724
Адключэнні інтэрнэту, кулямётчыкі на вежах Крэмля і конныя патрулі.
У Маскве працягваецца актыўная фаза падрыхтоўкі да таго, што там па звычцы называюць «парадам Перамогі», хоць з кожным годам гэта дзея ўсё больш нагадвае змрочны карпаратыў у бюджэтнай установе, піша New Voice.
Сёлета да 9 мая рыхтуюцца ў атмасферы павышанай напружанасці і значных абмежаванняў. Афіцыйна гэта тлумачаць «пагрозай тэрарыстычных актаў».
Галоўнай асаблівасцю параду на Чырвонай плошчы стане амаль поўная адсутнасць ваеннай тэхнікі, паведамляюць расСМІ. Міністэрства абароны РФ паведаміла, што ў парадзе возьмуць удзел толькі вайскоўцы вышэйшых навучальных устаноў. Традыцыйныя механізаваныя калоны, у прыватнасці танкі і ракетныя сістэмы, выключаныя з праграмы з-за «аператыўнай сітуацыі».
Падрыхтоўка непасрэдна ў расейскай сталіцы суправаджаецца нестандартнымі мерамі, якія больш нагадваюць «ваеннае становішча», чым свята. У Маскве абмяркоўваецца магчымасць поўнага адключэння мабільнай сувязі 5, 7 і 9 мая, хоць збоі ў працы мабільнага інтэрнэту ў Маскве, Санкт-Пецярбургу і яшчэ некалькіх гарадах фіксуюцца ўжо цяпер. Мясцовыя жыхары скардзяцца на перабоі, у тым ліку і ў карыстальнікаў так званых «белых спісаў».

Праблемы з інтэрнэтам у Маскве могуць быць звязаныя з узмоцненымі мерамі бяспекі вакол расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, адзначае Financial Times. Крэмль рэзка ўзмацніў ахову кіраўніка РФ з-за страху магчымага замаху.
Паведамляецца, што разам з мабільным інтэрнэтам адключаць таксама і SMS-паведамленні.

Тым часам у Крамлі расставілі ўзброеных байцоў на вежах і будынках, а на ўездах у Маскву ўсталявалі блок-пасты, піша The Moscow Times.
У СМІ таксама паведамляюць, што сёлета не праводзіліся традыцыйныя маштабныя рэпетыцыі на палігоне ў Алабіне, што з’яўляецца анамальным для такіх мерапрыемстваў, пішуць расейскія блогеры і гаворыцца ў матэрыяле BBC.


Як мінімум 10 гарадоў і 8 абласцей поўнасцю адмянілі парады і феерверкі. У прыватнасці, у Краснадарскім краі поўнасцю адмянілі ўрачыстае праходжанне войскаў, а акцыю «Бессмяротны полк» перавялі ў анлайн-фармат.
Аналагічныя рашэнні прынялі ў Калінінградзе і Самары. У Санкт-Пецярбургу, Чувашыі і Калужскай вобласці парады плануюць правесці без прыцягнення вайсковай тэхнікі, уключаючы традыцыйны праход танка Т-34.
Раней стала вядома, што Уладзімір Пуцін абвясціў аднабаковае перамір’е на 8–9 мая. Расія чакае аналагічных крокаў ад Украіны, хоць папярэдняя практыка паказвае, што такія заявы часта не выконвае сама ж РФ.
Адначасова з прапановаю міру Мінабароны РФ папярэдзіла аб «масіраваных ракетных ударах па цэнтры Кіева», калі мерапрыемствы ў Маскве будуць сарваныя.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі узамен анансаваў «люстраныя адказы» на расейскія атакі па Украіне. «Кожны дзень Расія можа спыніць агонь, і гэта спыніць вайну і нашы адказы. Мір патрэбны, і для гэтага патрэбныя рэальныя крокі. Украіна будзе дзейнічаць люстрана», — адзначыў ён
Паводле дадзеных разведкі і партызанскага руху АТЭШ, камандаванне РФ выводзіць некаторыя баяздольныя падраздзяленні з перадавой для ўдзелу ў парадзе, што выклікае незадаволенасць сярод расейскіх вайскоўцаў на месцах.