На расійска-беларускай мяжы даныя пасажыраў уносяць у табліцы
5- 5.05.2026, 17:26
- 6,938
Не ўсіх правяраюць аднолькава.
Расійскія памежнікі перад майскімі святамі ўвялі ўзмоцнены кантроль на мяжы з Беларуссю. Аднак пасля заканчэння выходных гэтая мера не была адмененая і захоўваецца дагэтуль, паведамляе MAYDAY.TEAM.
30 красавіка праваабаронцам стала вядома, што расійскія памежнікі пачалі фатаграфаваць пашпарты ўсіх, хто перасякае мяжу з Беларуссю. Меры ўзмоцненага кантролю тлумачыліся павялічаным патокам турыстаў напярэдадні доўгіх майскіх святаў. Гэтая сітуацыя прывяла да затораў і запаволення руху, у прыватнасці, у пункце пропуску «Рудня» даводзілася чакаць да двух гадзін.
Па стане на 5 мая рэжым кантролю не змяніўся, але спосаб збору даных адкарэктавалі: цяпер памежнікі ўносяць даныя кіроўцаў і пасажыраў у спецыяльную табліцу Excel, з-за чаго могуць збірацца чэргі.
Паводле слоў саміх кантралёраў, ім дадзена ўказанне весці пастаянны кантроль за замежнікамі, што ўязджаюць у Расію, і расіянамі, якія выязджаюць з краіны. Гэтыя катэгорыі падарожнікаў абавязаныя асабіста падыходзіць да акенцаў у пунктах пропуску і прад'яўляць дакументы.
Пры гэтым адзначаецца, што грамадзян Беларусі, якія выязджаюць з Расіі па беларускіх пашпартах, правяраюць менш пільна — у шэрагу выпадкаў іх прапускаюць без унясення даных у табліцу.
Ці захаваецца такі парадак пасля 9 мая, пакуль невядома. Паводле слоў расійскіх памежнікаў, «рашэнне прымаюць не яны».