ЗША ўсталявалі «чырвона-бела-сіні купал» над Армузскай пратокай
4- 5.05.2026, 20:01
- 7,270
Для абароны марскога суднаходства.
Пентагон абвясціў пра пачатак новай абароннай аперацыі пад назвай «Праект Свабода» ў раёне Армузскай пратокі. ЗША разгарнулі сістэму абароны марскога суднаходства.
Пра гэта на брыфінгу заявіў міністр абароны ЗША Піт Хегсет.
«У якасці прамога падарунку свету ад Злучаных Штатаў мы ўсталявалі магутны чырвона-бела-сіні купал над пратокай. Амерыканскія эсмінцы знаходзяцца на стаянцы, іх падтрымліваюць сотні знішчальнікаў, верталётаў, беспілотнікаў і самалётаў назірання, забяспечваючы кругласутачнае назіранне за мірнымі камерцыйнымі судамі, акрамя, вядома, іранскіх, таму наша жалезная блакада таксама застаецца ў поўнай сіле», — сказаў кіраўнік Мінабароны ЗША.
Ён патлумачыў, што мэтай аперацыі з'яўляецца забеспячэнне бяспекі міжнароднага камерцыйнага суднаходства ў Армузскай пратоке.
Хегсет заявіў, што аперацыя мае абарончы і часовы характар і накіравана на абарону гандлёвых маршрутаў ад магчымых пагроз.
Ён таксама падкрэсліў, што ЗША не плануюць уваходзіць у тэрытарыяльныя воды Ірана і не маюць намеру эскалаваць канфлікт. У той жа час у Пентагоне абвінавацілі Іран у спробах уплываць на суднаходства ў рэгіёне і ствараць перашкоды для міжнароднага гандлю.
Рэжым спынення агню застаецца ў сіле, аднак сітуацыя знаходзіцца пад пастаянным кантролем ЗША, дадаў высокапастаўлены чыноўнік.