Аграімперыю расійскага мільярдэра Мошковіча канфіскавалі на карысць дзяржавы
7- 5.05.2026, 20:54
- 8,464
Ідзе пра «Русагро».
Аграхолдынг «Русагро», які займае 2-е месца па вытворчасці свініны, 3-е — па выпуску цукру і валодае больш як 800 тысячамі га сельгасземляў, — звернуты ў даход дзяржавы.
Як паведамляе «Коммерсант», Хамоўніцкі раённы суд Масквы задаволіў пазоў Генпракуратуры аб канфіскацыі кампаніі ў мільярдэра Вадзіма Мошковіча — у мінулым сенатарам ад Белгародскай вобласці, чый стан Forbes ацэньвае ў $2,9 млрд.
З вясны мінулага года 58-гадовы Мошковіч знаходзіцца ў СІЗА па абвінавачанні ў махлярстве і дачы хабару. Разам з 65% акцый «Русагро» ў Мошковіча канфіскавалі элітную кватэру ў Хамоўніках, дом на Рублёўцы, грошы на рахунках і наяўныя, знойдзеныя падчас вобшуку, — усяго 3,8 млрд рублёў, $1,8 млн і 1,6 млн еўра.
Пачынаўшы бізнес у 1990-я з імпарту цукру, а затым стварыўшы аграімперыю з гадавой выручкай 500 млрд рублёў, Мошковіч трапіў пад прыцэл сілавікоў неўзабаве пасля ўварвання ва Украіну. У 2024 годзе холдынг «Русагро» ўключылі ў пералік стратэгічных прадпрыемстваў, што забараняе замежнае валоданне. Мошковіч быў вымушаны перавесці бізнес з Кіпра ў Расію — праз механізм рэдаміцыляцыі. І хоць Крэмль абяцаў бізнэсменам, што вярнуліся з афшораў, поўную бяспеку, ужо праз некалькі месяцаў Мошковіч апынуўся за кратамі.
Бізнэс Мошковіча даўно быў мішэнню для адабрання, раней расказвалі крыніцы «Новай газеты. Еўропа» на аграрным рынку. «Спачатку Мошковіча прымусілі рэдаміцыляваць бізнес у Расію і цяпер проста адбіраюць. Відаць, не захацеў аддаць па-добраму, цяпер аддасць па-дрэннаму», — казаў адзін з суразмоўцаў выдання. Паводле іншага крыніцы, на бізнэс Мошковіча прэтэндуе клан Патрушавых, які імкнецца прыбраць да рук буйныя актывы ў сельскай гаспадарцы і ў харчовым сектары.
У пазове аб нацыяналізацыі «Русагро» Генпракуратура сцвярджала, што, займаючы пасаду сенатара ад Белгародскай вобласці з 2006 па 2014 год, Мошковіч выкарыстоўваў «палітычны і адміністрацыйны рэсурс» у інтарэсах бізнесу. Ён, у прыватнасці, дамогся перадачы буйных сельгасугоддзяў у вобласці, у выніку чаго зямельны фонд «Русагро» вырас у 10 разоў. Акрамя таго, Мошковіч «выводзіў прыбытак» кампаніі за мяжу праз афшоры, валоданне якімі не адлюстроўваў у падатковых дэкларацыях, сцвярджала пракуратура.
«Русагро» з рыначнай вартасцю 100 млрд рублёў можа стаць адной з найбуйнейшых кампаній, што трапілі пад хвалю нацыяналізацый, у выніку якіх за апошнія тры гады ў прыватных уладальнікаў адабралі больш за 800 прадпрыемстваў на агульную суму 4 трлн рублёў. Сярод іх — аўтадылер «Рольф», «Чалябінскі электраметалургічны камбінат» (ЧМЭК), «Южуралзолото», найбуйнейшы ў краіне збожжавы трэйдар «Родные поля», найбуйнейшы аператар складаў Raven Russia, аэрапорт «Дамадзедава», а таксама парты Петрапаўлаўска-Камчацкага, Мурманска і Калінінграда.
Што будзе далей з «Русагро», застаецца незразумела, аднак, відавочна, сітуацыя будзе развівацца па сцэнарыі «Южуралзолото», якое канфіскавалі ў мільярдэра Канстанціна Струкова, пішуць аналітыкі «Вектар Капітал». Кампанія каля года знаходзілася на балансе дзяржавы, і толькі цяпер яе ацанілі і падрыхтавалі да продажу. Таргі павінны адбыцца ў маі.