Яшчэ адзін аўтобус не пусцілі з Беларусі ў Літву
3- 6.05.2026, 10:26
- 2,020
З-за новых санкцый.
Гаворка пра аўтобус, які выехаў з Мінска ўчора а 22:00. Пасля праверкі аўтобус у Літву не пусцілі, паведаміў тэлеграм-канал Infotrabns Media Belarus.
Пасажыры правялі на мяжы каля 3,5 гадзін. Пазней за дадатковую плату іх згадзіўся давезці да Вільнюса кіроўца іншага аўтобуса. У аэрапорт прыбылі прыкладна а 5-й гадзіне раніцы.
Учора раніцай, 5 мая, у пункце пропуску «Мядзінінкай» разгарнулі рэйсавы аўтобус, які накіроўваўся з Мінска ў Каўнас з адпраўленнем з аўтавакзала «Цэнтральны» ў 04:00.
На пачатку мая ў Літве ўступілі ў сілу папраўкі да Закона «Аб абмежавальных мерах у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны». Яны працягнулі дзеючыя санкцыі ў дачыненні да Расіі і Беларусі і ўвялі новыя.
Адна з навінак датычылася паліва. Цяпер увозіць з Беларусі або Расіі паліва ў стандартных баках транспартных сродкаў забаронена, калі яго аб'ём перавышае 200 літраў. Абмежаванне будзе дзейнічаць да 31 снежня 2027 года.
Як паведамляла мытня Літвы, пры выяўленні перавышэння нормы ў 200 літраў транспартны сродак не будзе дапушчаны на тэрыторыю Літвы і Еўрасаюза і будзе разгорнуты назад у краіну выезду.
У выпадку нязгоды кіроўцы з такім рашэннем да яго могуць быць ужыты санкцыі, уключна з магчымым арыштам транспартнага сродку.