Нафта працягвае таннець пасля слоў Трампа
- 6.05.2026, 10:53
Прэзідэнт ЗША заявіў пра магчымасць мірнага пагаднення з Іранам.
Цэны на нафту падаюць у сераду другі дзень запар, бо рынкі спадзяюцца на аднаўленне паставак з Блізкага Усходу пасля каментароў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб магчымасці мірнага пагаднення з Іранам.
Ф'ючэрсы на нафту маркі Brent на 09:22 (па Мінску) знізіліся на 1,35% да $108,39 за барэль, маркі WTI — на 1,58% да $100,65 за барэль. Трамп у аўторак нечакана прыпыніў аперацыю ваеннага суправаджэння суднаў, што выходзяць праз Армузскі праліў. Прэзідэнт патлумачыў гэта добрым прасоўваннем перамоваў з Іранам да заключэння мірнага пагаднення, але падрабязнасцяў не прывёў. Непасрэднай рэакцыі з боку Тэгерана не было.
«Гэта сведчыць пра магчымасць дэскалацыі і дае надзею, што танкеры, якія затрымаліся ў Пэрсідскім заліве, нарэшце выйдуць у адкрытае мора, і пастаўкі паступова вернуцца на рынак», — сказаў Ань Фам з LSEG.
Аналітык дадаў, што цэны на нафту застаюцца высокімі — Brent і WTI трымаюцца вышэй за $100 за барэль — бо перспектывы мірнага пагаднення непэўныя. Акрамя таго, паводле яго слоў, нават у выпадку дасягнення дамоўленасці спатрэбіцца час на поўнае аднаўленне гандлёвых патокаў. Запасы нафты ў ЗША знізіліся трэці тыдзень запар, запасы бензіну і дыстылятаў таксама скараціліся, паведаміў у аўторак Амерыканскі інстытут нафты.
Паводле дадзеных API, запасы нафты ў Злучаных Штатах упалі на 8,1 мільёна барэляў за тыдзень, які завяршыўся 1 мая, запасы бензіну скараціліся на 6,1 мільёна барэляў, а дыстылятаў — на 4,6 мільёна барэляў.