У Наваполацкай калоніі памёр асуджаны за хабар дырэктар цукровага завода
4- 7.05.2026, 10:58
- 3,576
Зняволенага не вызвалілі, нягледзячы на цяжкае захворванне.
У выпраўленчай калоніі №1 у Наваполацку памёр зняволены — Дзмітрый Ягораў, былы дырэктар Скідзельскага цукровага завода. Пра гэта даведаўся «Флагшток» ад аднаго з былых палітвязняў з Гомельскай вобласці.
За атрыманне хабару Ягораў быў асуджаны ў 2021 годзе на 11 гадоў пазбаўлення волі па так званай «цукровай справе». Паводле звестак крыніцы, у зняволенага было анкалагічнае захворванне, яго накіроўвалі ў турэмную рэспубліканскую бальніцу, але медыкі не змаглі выратаваць жыццё мужчыны.
«Не выпусцілі нават перад смерцю, ведаючы, што ён памірае. Бо з нявыплачанымі іскамі не вызваляюць, хоць паводле закона смяротна хворых можна вызваляць», — адзначыла крыніца.
Паводле яе звестак, 7 мая цела памерлага плануюць забраць з калоніі.
У Беларусі не раз фіксаваліся выпадкі смерцяў у сценах калоній, аднак грамадскасць даведваецца пра гэта толькі праз гучныя гісторыі. Артыкул 92 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае механізм вызвалення ад пакарання пры наяўнасці цяжкіх захворванняў, але выходзіць, што яго выкарыстанне носіць эпізадычны характар.
Наваполацкую ІК-1, дзе ўтрымліваюць таксама многіх палітычных зняволеных, лічаць адной з самых жорсткіх у Беларусі.