У Мінску маштабна зменяць рух транспарту
3- 7.05.2026, 11:24
Чаго чакаць 9 мая.
У сувязі з правядзеннем культурна-масавых мерапрыемстваў, прысвечаных 9 мая, у працу гарадскога пасажырскага транспарту будуць унесены маштабныя змены, пішуць «Мінск-навіны».
Рух каля «Манумента Перамогі»
З 16:00 9 мая да заканчэння цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак да абеліска «Манумент Перамогі» будзе абмежаваны рух па прасп. Незалежнасці ў раёне пл. Перамогі. У гэты перыяд трасы шэрагу маршрутаў будуць зменены.
Аўтобусы № 18, 26, 26а, 26д будуць курсіраваць у аб’езд па вул. Захарава, Першамайскай, З. Бядулі, Казлова, прасп. Машэрава, вул. Даўмана (у абодвух напрамках). Аўтобусы № 100, 1064‑ТК, 1076‑ТК, 1151‑ТК, 1547‑ТК, а таксама тролейбус № 22 паедуць па наступнай схеме: прасп. Незалежнасці — вул. Казлова — З. Бядулі — Першамайская — Ульянаўская — Свярдлова — прасп. Незалежнасці.
Аўтобус № 115э праследуе па аналагічным аб’ездным маршруце, аднак без выканання прыпынкаў на змененым участку.
Маршрутныя аўтобусы № 1152‑ТК у прамым напрамку пайдуць праз вул. Кірава і Бабруйскую, а ў зваротным — праз вул. Свярдлова і Ульянаўскую, а № 1119‑ТК у прамым напрамку будуць следаваць праз пл. Я. Коласа, вул. В. Харужай, Куйбышава, Я. Купалы, М. Багдановіча на прасп. Пераможцаў. Зваротны іх шлях будзе арганізаваны праз вул. Нямігу, Куйбышава і прасп. Машэрава.
Аўтобус № 57 зменіць напрамак на вул. Пуліхава, Першамайскую, Ульянаўскую, Бабруйскую, К. Цэткін і прасп. Дзяржынскага.
Маршрутны аўтобус № 1400‑ТК і прыгарадны № 300Э накіруюць у аб’езд праз вул. Бабруйскую, Свярдлова, Аранскую, прасп. Партызанскі, вул. Ванеева, Ваупшасава, Радыяльную, Філімонава, пасля чаго яны выйдуць на прасп. Незалежнасці. На гэтым участку прыпынкі таксама выконвацца не будуць.
Пры гэтым арыенціровачна з 12:00 прыпынкі «Плошча Перамогі» і «Янкі Купалы» будуць адменены для ўсіх відаў транспарту.
Канцэрт каля Палаца спорту
З 10:00 да 21:30 на пляцоўцы каля Палаца спорту пройдзе святочная канцэртная праграма. У гэты перыяд будзе павялічана колькасць рухомага саставу на маршрутах № 1, 24, 69.
Акрамя таго, пасля заканчэння канцэрта і салюту (арыенціровачна пасля 23:00) будзе выведзены рэзерв аўтобусаў для аператыўнай перавозкі гасцей свята.
У суботу з 8:00 прыпынак «Палац спорту» для ўсіх маршрутаў будзе адменены.
У выпадку абмежавання руху па прасп. Пераможцаў у раёне Палаца спорту ўводзяцца дадатковыя змены:
аўтобусы № 1, 69, 119С, 1056‑ТК, 1119‑ТК пайдуць па прасп. Пераможцаў, Машэрава, вул. Ціміразева, Кальварыйскай, Раманаўскай Слабадзе, Гарадскім Вале і прасп. Незалежнасці. Для маршруту № 119С будуць дададзены прыпынкі «Раманаўская Слабада», «Гарадскі Вал», «Ст. м. «Фрунзенская», «Музей гісторыі ВАВ». Прыпынак «Валадарскага» для іх адмяняецца;
аўтобусы № 73 і 163 зменяць маршрут праз вул. Маскоўскую, Л. Талстога і К. Цэткін, з рухам па вул. Кальварыйскай і Раманаўскай Слабадзе;
аўтобус № 91 ад прасп. Пераможцаў накіруецца па прасп. Машэрава, вул. Ціміразева, Кальварыйскай, Раманаўскай Слабадзе і Нямізе.
Работа метрапалітэна
У Дзень Перамогі сталічнае метро пераходзіць на ўзмоцнены графік:
на 1‑й і 2‑й лініях з 9:00 да 11:00 інтэрвал руху цягнікоў складзе пяць хвілін, з 11:00 да 00:00 — чатыры хвіліны;
на 3‑й лініі з 9:00 да 11:00 інтэрвал руху цягнікоў складзе сем хвілін, з 11:00 да 00:00 — шэсць хвілін.
Таксама прадугледжаны рэзерв саставаў на выпадак рэзкага росту пасажырапатоку.