Сакрэтны праект Ford павінен абагнаць Кітай у гонцы электрамабіляў
- 7.05.2026, 18:28
Амерыканскі аўтавытворца распрацоўвае танны электрычны пікап.
Ford ужо некалькі гадоў таемна распрацоўвае новы электрычны пікап коштам каля $30 тысяч, які павінен стаць адказам на імклівае наступленне кітайскіх аўтавытворцаў. Праектам займаецца эксперыментальная каманда з максімальнай свабодай дзеянняў, піша Entrepreneur (пераклад — сайт Charter97.org).
Распрацоўку ўзначальвае былы інжынер Tesla Алан Кларк, які ўдзельнічаў у стварэнні Model S. У каманду таксама ўвайшлі былыя супрацоўнікі Tesla, Apple і інжынеры Ford, якіх унутры кампаніі называюць «аўтсайдарамі і бунтарамі».
Новы пікап павінен выйсці на рынак у 2027 годзе. Чакаецца, што аўтамабіль атрымае запас ходу каля 480 км і дынаміку на ўзроўні Ford Mustang.
Каб знізіць кошт вытворчасці, каманда цалкам пераглядае традыцыйныя падыходы Ford. Інжынеры адмовіліся ад часткі класічнай канструкцыі кузава, скарацілі аб'ём медных правадоў і замянілі звычайны канвеер мадульнай сістэмай зборкі.
Кіраўнік Ford Джым Фарлі ужо назваў праект «момантам Model T» — намякаючы на патэнцыйную рэвалюцыю для кампаніі.
Стаўкі для Ford надзвычай высокія. Папярэдні электрычны F-150 каштаваў да $77 тысяч і прынёс кампаніі мільярдныя страты. На фоне агрэсіўнай экспансіі кітайскіх вытворцаў Ford разлічвае, што спалучэнне тэхналогій Крамянёвай даліны і досведу Дэтройта дапаможа стварыць масавы і прыбытковы электрамабіль.