Яно і не спрабавала
9- Наста Захарэвіч
- 8.05.2026, 9:59
- 5,176
Давайце называць рэчы сваімі імёнамі.
Памятаеце, не так даўно Качанава хвалілася, што дзяржава запускае праект «Рука дапамогі», каб дапамагчы пацярпелым ад хатняга гвалту, і што калі гэты праект дапаможа хаця б адной жанчыне, гэта ўжо будзе выдатна? Ну, маем чарговае наступства такога аматарскага і несістэмнага падыходу — яшчэ адну жанчыну забіў яе муж.
Гэта гісторыя, на жаль, не першая і не апошняя — ад хатняга гвалту жанчына спрабавала ўратавацца з дапамогай міліцыі, але атрымалася не вельмі — мужа проста аштрафавалі за тое, што ён яе збіў. І праз два месяцы пасля таго выпадку ён яе ўжо не проста збіў, а забіў. Прама на вачах у дзяцей.
І ведаеце, можна доўга казаць, што трагедыі здараюцца і ў найлепшых сістэмах, і што немагчыма знізіць злачыннасць да нуля. Але ёсць прынцыпова важны нюанс: ці імкнецца дзяржава да гэтага ўвогуле? У выпадку Беларусі адказ відавочны і трагічны: яно нават не збіраецца «ляжаць у гэтым накірунку».
Божа мой, у 2026 годзе яны працягваюць караць агрэсараў штрафамі за хатні гвалт! Пасля дзесяцігоддзяў экспертных тлумачэнняў, што гэта не проста няправільна, а наўпрост стварае дадатковыя рызыкі для пацярпелай! Няўжо хто-небудзь сур'ёзна лічыць, што мужчына ў такой сітуацыі самастойна ўсё заплаціць і стане ўважлівей ставіцца да жонкі?
Ды відавочна ж не! Ён прыйдзе дадому яшчэ больш раз'юшаны, не саромеючыся ў выказваннях, патлумачыць ёй, кім яе лічыць, і што за «свае выкрунтасы» будзе плаціць яна сама. Вельмі пашанцуе, калі ён адразу не пачне зноў яе біць! Вельмі, вельмі пашанцуе.
Жанчыне ў Мазыры не пашанцавала. Мы наўрад ці калі-небудзь даведаемся, што адбывалася адразу пасля прызначэння штрафу, але фінал атрымаўся надзвычай жудасным. Горш было б, хіба толькі калі б гэты мужчына забіў не толькі жанчыну на вачах у дзяцей, але і дзяцей следам.
Але, даруйце, ніяк у мяне мова не павернецца сказаць, што дзецям пашанцавала.
Затое я ведаю, каму дакладна пашанцавала, — Качанавай і ўсяму рэжыму, якому і далей сыходзіць з рук той факт, што ён знішчыў інфраструктуру дапамогі пацярпелым ад хатняга гвалту. Нацыянальная тэлефонная лінія — закрытая, прытулак «Радзіслава» — не існуе, недзяржаўныя ініцыятывы — хто ў выгнанні, хто ў падполлі. А між тым дзяржава не толькі знішчыла эфектыўныя структуры, ёй яшчэ і нахабства хапае абвяшчаць нейкія «праекты», якія мусяць дапамагчы «хаця б адной жанчыне».
Дык давайце называць рэчы сваімі імёнамі. Гэтая дзяржава працягвае забіваць сваім бяздзеяннем. Адмовай прымаць профільныя законы, адмовай поўнасцю выконваць існае заканадаўства, імітацыяй кропкавай падтрымкі замест распрацоўкі вялікай інфраструктуры дапамогі. І таму кожны раз, калі Качанава або хтосьці яшчэ з чыноўніцтва будзе хваліцца тым, што яны камусьці кропкава дапамаглі, я буду чуць зусім іншае. Я буду чуць у гэтым прызнанне таго, што іншых яны забілі сваёй непрафесійнасцю і цынізмам.
Бо няма для іх нічога важнейшага за тое, каб Лукашэнка захаваў сваю ўладу. І калі для гэтага трэба знішчыць або проста не развіваць вялікую сацыяльную інфраструктуру, то так таму і быць. Што-што, а прыярытэты ў гэтай сістэме расстаўлены вельмі канкрэтна, і жыцці беларусак там дакладна не ў першай дзесятцы.
Наста Захарэвіч, «Белсат»