Польшча рэзка скараціла выдачу віз
- 2,080
Беларусам на заўвагу.
Польшча рэзка скараціла колькасць віз, што выдаюцца замежнікам. Пры гэтым за апошнія гады ўдалося істотна абмежаваць працоўную міграцыю, злоўжыванні студэнцкімі візамі і павялічыць колькасць дэпартацый, паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі краіны.
Паводле звестак ведамства, у першым квартале 2026 года замежнікам выдалі каля 16 тысяч працоўных віз. Гэта амаль у восем разоў менш, чым за аналагічны перыяд 2022 года, калі было аформлена 123 тысячы віз.
Скарацілася таксама і колькасць дазволаў на працу для замежнікаў у Польшчы. Калі ў першым квартале 2022 года іх выдалі каля 122 тысяч, то ў першыя тры месяцы 2026-га — 38 тысяч.
«Скарачэнне на 69% дазволіла ліквідаваць злоўжыванні і парушэнні ў сістэме, а таксама практыку падачы фіктыўных заяў, якая была шырока распаўсюджана пры папярэднім урадзе. Цяпер дакументы атрымліваюць толькі тыя замежнікі, чый побыт прыносіць рэальную карысць польскай эканоміцы і не ўяўляе пагрозы бяспецы дзяржавы», — заявілі ў польскім МУС.
Зменшылася і колькасць студэнцкіх віз. У 2021 годзе Польшча выдала амаль 31 тысячу такіх дакументаў, а ў 2025-м — каля 11 тысяч. Улады тлумачаць гэта ўзмацненнем праверкі заяўнікаў і супрацоўніцтвам з ВНУ для выяўлення выпадкаў, калі статус студэнта выкарыстоўваўся толькі як спосаб трапіць у Шэнгенскую зону.
Адначасова павялічылася колькасць дэпартацый. Паводле даных МУС Польшчы, у першым квартале 2022 года краіну пакінулі каля 900 замежнікаў па рашэннях уладаў, а за той жа перыяд 2026 года — ужо 2,7 тысячы чалавек.
Акрамя таго, у міністэрстве паведамілі, што за апошнія два гады ўклалі значныя сродкі ў умацаванне аховы польска-беларускай мяжы і абарону ад міграцыйнага ціску з боку Беларусі і Расіі.
Там таксама адзначылі, што працягваюцца праверкі на мяжы з Літвой і Германіяй, а для кантролю ўезду грамадзян дзяржаў, якія не ўваходзяць у ЕС, выкарыстоўваецца новая сістэма рэгістрацыі перасячэння мяжы Entry/Exit.