У Беларусі паскорыўся рост цэн
- 10.06.2026, 15:55
Якія тавары і паслугі падаражэлі больш за ўсё?
У параўнанні з мінулым маем цэны ў Беларусі павысіліся на 4,8%, у параўнанні з пачаткам года — на 2,6%, а з гэтым красавіком — на 0,1%.
Харчаванне ў маі падаражэла ў сярэднім на 4,9% у параўнанні з мінулым маем, нехарчовыя тавары прыбавілі ў цане ў сярэднім на 2%, а платныя паслугі — цэлых 8,5%, такія даныя прыводзіць «Белстат».
Калі глядзець на змяненне інфляцыі за месяц, то цэны на прадукты знізіліся на 0,2% (з-за падзення цэн на сезонную гародніну і садавіну, якія толькі што з’явіліся), цэны на паслугі выраслі на 0,4% (у тым ліку — з-за павышэння тарыфаў на квіткі на цягнікі і паслугі сувязі), а нехарчовыя тавары падаражэлі на 0,1%. У цэлым атрымалася плюс 0,1% да цэн у параўнанні з красавіком.
За пяць месяцаў гэтага года — са студзеня па май — цэны ў Беларусі выраслі на 2,6%. Інфляцыю па выніках 2026-га чыноўнікі хочуць утрымаць у межах 7% гадавых. Раней кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка заявіў, што сітуацыя з цэнамі на тавары і паслугі «ў цэлым развіваецца нават крыху лепш за прагнозы», а базавая інфляцыя (без уліку сезоннай гародніны і садавіны, а таксама рэгуляваных тарыфаў) паводле прагнозаў да канца года чакаецца на ўзроўні каля 5%.
У Беларусі дзейнічае жорсткі дзяржкантроль цэнаўтварэння, які абмяжоўвае надбаўкі імпарцёраў і гандлю. Працэс знаходзіцца пад пастаянным сумесным кантролем КГК, Нацбанка, МАРТ і ўрада.