Чаму Лукашэнка пачаў выбачацца перад Зяленскім
7- 16.06.2026, 10:35
- 2,954
Дыктатар спрабуе зноў уціснуцца ў касцюм міратворцы.
У інтэрв’ю тэлеканалу Al Arabiya Аляксандр Лукашэнка падрабязна выказаўся пра недапушчальнасць уцягвання Беларусі ў вайну ва Украіне, піша «Салідарнасць». Раптам зноў узгадаў пра свае нібыта ўкраінскія карані. Пра цесныя сувязі паміж беларусамі і ўкраінцамі.
А таксама пра тое, што «Беларусь у ўкраінскіх вайскоўцаў як на далоні»: «Мы цудоўна разумеем, што нашы асноўныя аб’екты жыццезабеспячэння — вытворчыя і лагістычныя — апынуцца пад ударам. Як яны заявілі, у іх ужо 500 такіх мэт на тэрыторыі Беларусі намечана».
Не забыў і пра працягласць мяжы паміж нашымі краінамі, зрабіўшы шчырае прызнанне, якое наўрад ці выкліча захапленне ў Крамлі:
Фронт для Расіі найперш (натуральна, і для нас), калі б яна атакавала Кіеў з тэрыторыі Беларусі, будзе павялічаны на 1500 км беларуска-ўкраінскай мяжы. Мы з расіянамі пры цяперашнім ходзе вайны не зможам забяспечыць абарону гэтага ўчастка.
А бо «пры такім развіцці падзей краіны блоку НАТА, што падтрымліваюць Украіну, могуць увесці туды свае войскі…»
Адзным словам, кіраўнік Беларусі ўсім сваім выглядам паказвае, што гэтая вайна яму зусім не патрэбная.
Але мы ж памятаем зусім іншыя выказванні і інтанацыі. І сёння, калі нехта спрабуе зноў уціснуцца ў касцюм міратворцы, самы час асвяжыць іх у памяці.
Спачатку Лукашэнка відавочна не захапляўся статусам саагрэсара. І нават спрабаваў апраўдацца, што сам пра ўварванне 24 лютага 2022-га «даведаўся з навін».
Але да канца таго ж года загаварыў зусім па-іншаму. Прымаючы ў Мінску крэмлёўскага кіраўніка, ён адкрыта глуміўся з справядлівых абвінавачванняў на свой адрас:
Няма сёння ніводнага пытання, якое мы не вырашылі. Мы ідзём насустрач Расійскай Федэрацыі. У самую цяжкую хвіліну. Ну, вы ведаеце, мы ўдваіх — саагрэсары, самыя шкодныя і таксічныя людзі на гэтай планеце. У нас толькі адна спрэчка: хто больш.
Уладзімір Уладзіміравіч кажа, што я. Я ўжо пачынаю думаць, што ён. Прынялі рашэнне, што разам, аднолькава. Вось і ўсё. А калі хто думае нас сёння разарваць, уставіць клін — не атрымаецца.
У красавіку 2024-га, чарговы раз наведваючы Маскву, ён гаварыў пра саўдзел у вайне як пра руціну: «Я ж не адмаўляю, што мы «саагрэсары». Кожны робіць сваю справу. Але я прама кажу: ні я, ні Пуцін не хочам, каб цярпеў блізкі нам украінскі народ. Не хочам!»
Настрой пачаў змяняцца ў 2025-м. Выступаючы ў Маскве на Глабальным атамным форуме ў верасні, ён канстатаваў наяўнасць трывожнай тэндэнцыі:
«Вы ведаеце, у якой сітуацыі знаходзіцца Расія, мы ў тым ліку. Чаго толькі пра нас сёння не пішуць, не кажуць, абзываюць рознымі словамі. І агрэсары мы, і саагрэсары, і гэтак далей. Што граху таіць, у Расіі, як і ва ўсіх іншых краін, што тут прысутнічаюць, праблем дастаткова».
Напрыканцы 2025-га, калі ўжо стала зусім зразумела, што Кіеў не возьмеш ні за тры дні, ні за тры гады, Лукашэнка быў вымушаны супакойваць Маскву, што яны ўсё яшчэ ў адной лодцы: «Мы з прэзідэнтам Пуціным дакладна дамовіліся: мы дапамагаем адзін аднаму. «Агрэсары», «саагрэсары», не важна, што там пра нас кажуць».
А на пачатку чэрвеня 2026-га статус саўдзельніка ў чужой захопніцкай вайне яўна стаў цяжарам: «Галоўнае, што я хачу вам сказаць: калі вам хтосьці навязвае ідэю, што мы ваякі, не мірныя людзі, — не верце.
Мы ні з кім не збіраемся ваяваць — толькі дружба. Мы не ставім сваёй мэтай ваяваць — мы хочам быць мірнымі людзьмі, мы хочам мірна жыць.
Я хачу, каб на захадзе Беларусі, у Гродне, гэта цвёрда засвоілі: мы хочам міру, мы нясём народам мір. Ніякія мы не агрэсары і не саагрэсары».