18 чэрвеня 2026, Чацвер, 16:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы пачалі адмаўляцца ад аўтобусных тураў у Грузію праз Расію

1
Беларусы пачалі адмаўляцца ад аўтобусных тураў у Грузію праз Расію

Некаторыя тураператары вырашылі аб’язджаць Бранскую вобласць.

Ці можна сёння спакойна ехаць з Беларусі ў Грузію аўтобусам, калі маршрут праходзіць праз Расію? Пасля інцыдэнту ў Бранскай вобласці гэтае пытанне абмяркоўваюць беларусы ў Threads. Адны адмаўляюцца ад паездак, другія чакаюць, што турфірмы павязуць іх аб’ездам, а трэція ўжо вярнуліся дадому новым маршрутам. «Белсат» паглядзеў, што пішуць у сацсетцы, а таксама патэлефанаваў у турфірму.

«Хто едзе ў Грузію ў бліжэйшыя дні?»

Адно з абмеркаванняў пачалося з пытання карыстальніка Threads да тых, хто ў бліжэйшыя дні едзе ў Грузію аўтобусным турам з Беларусі. Ён спытаў, ці пісалі турысты сваім аператарам пасля апошніх падзей, ці адмяняюць паездкі і якія ў людзей настроі. Удакладненнем да паста стала згадка пра інцыдэнт у Бранскай вобласці, дзе ў аўтобус з грамадзянамі Беларусі трапіў дрон.

У каментарыях хутка вызначыліся некалькі пазіцый. Частка людзей піша, што ўжо адмяніла аўтобусныя туры або думае пра адмову. Адзін з каментатараў паведаміў, што адмяніў паездку, бо турфірма, паводле яго слоў, «сама не хоча рызыкаваць». Іншыя кажуць, што будуць шукаць авіяварыянты. Яшчэ адна ўдзельніца абмеркавання піша, што выезд з Мінска быў запланаваны на 24 чэрвеня, але турысты адмовіліся ад паездкі, бо аператар і перавозчык, паводле яе слоў, не змянялі маршрут.

Ёсць і тыя, хто пакуль не прыняў рашэння. Людзі з выездамі 23, 24 або 27 чэрвеня пішуць, што пачалі хвалявацца і чакаюць рэакцыі турфірм. Адна з карыстальніц кажа, што выязджае аўтобусным турам у суботу, але пасля здарэння «пакуль цішыня».

Аб’ехаць Бранскую вобласць

Асобная тэма ў абмеркаванні — маршруты. У каментарыях некалькі разоў згадваюць, што некаторыя турфірмы вырашылі везці людзей праз Смаленск. Паводле слоў удзельнікаў дыскусіі, гэта дадае прыблізна 4–5 гадзін да дарогі.

Іншыя пішуць пра маршруты праз Тулу і Калугу, праз Крычаў або Магілёў, а таксама пра варыянт праз Маскву. Частка каментатараў лічыць, што цяпер туркампаніям не варта эканоміць час і лепш зрабіць «крук», калі гэта можа знізіць рызыкі.

У сацсетках таксама з’явіліся паведамленні, што маршруты аўтобусных тураў у Грузію і з Грузіі скарэктаваныя ў аб’езд Бранской вобласці праз Смаленскую і Тульскую вобласці.

Але ў каментарыях няма ўпэўненасці, што сам па сабе аб’езд Бранской вобласці вырашыць праблему. Людзі пытаюцца, што рабіць з іншымі расійскімі рэгіёнамі на маршруце, у тым ліку з Варонежскай і Растоўскай вобласцямі, праз якія таксама могуць ісці аўтобусы на поўдзень.

«Белсат» патэлефанаваў у адну з турфірм пад выглядам беларуса, які плануе адпачынак. Там пацвердзілі, што маршруты на бліжэйшыя даты перароблены, у сярэднім час даезду да Грузіі павялічваецца на чатыры гадзіны, то бок ехаць давядзецца трое сутак.

«Запыт усё адно на туры ёсць, зразумела, што ёсць тыя, хто сумняваецца, але жадаючых менш не стала. Калі чалавек хоча адмяніць тур, бо баіцца за бяспеку, мы вяртаем грошы», — распавялі ў турфірме.

«Гарэла моцна» і «ўсё прайшло добра»

Некаторыя ўдзельнікі абмеркавання прыводзяць уласны досвед паездак праз Расію. Адна карыстальніца піша, што ў чэрвені мінулага года ўжо ездзіла ў Грузію: з трасы былі бачныя пажары, на зваротным шляху праз Растоў-на-Доне інтэрнэт быў поўнасцю адключаны, нешта «грымела», а на дарогах было шмат вайсковай тэхнікі. Іншая ўдзельніца адказала, што таксама бачыла ноччу, як «гарэла моцна».

Ёсць і процілеглыя сведчанні. Адна з каментатаркаў паведамляе, што вярнулася з Грузіі 15 чэрвеня і «ўсё прайшло добра».

Важны каментар пакінула турыстка, якая, па яе словах, выехала з Грузіі 15 чэрвеня. Яна напісала, што пасля начлегу ў Растове групе паведамілі: шлях мяняецца, яны паедуць прыблізна на 300 км даўжэй, але «бяспечней». На пытанне аўтара публікацыі, якая гэта турфірма, яна адказала: «Славія Тур».

Пры гэтым на сайтах беларускіх туркампаній аўтобусныя туры ў Грузію застаюцца ў продажы. У адкрытых апісаннях тураў пазначаюцца бліжэйшыя чэрвеньскія і ліпеньскія даты, маршруты з розных беларускіх гарадоў, адпачынак у Кобулэці, Батумі, а таксама экскурсійная праграма ў Грузіі. Умовы некаторых тураў асобна агаворваюць, што праграма можа змяняцца па прычынах, якія не залежаць ад кампаніі, у тым ліку з‑за затрымак на межах або складанасцяў пры руху на дарогах.

«Лепш не рызыкаваць»

Акрамя практычных пытанняў маршруту, у Threads з’явілася і больш шырокая дыскусія — пра тое, як беларусы ўспрымаюць рызыкі паездак праз рэгіёны Расіі падчас вайны.

Частка каментатараў лічыць, што небяспека была відавочнай і да апошніх навін. Адна ўдзельніца піша, што яшчэ за месяц-два да гэтага адгаворвала знаёмую ехаць з Беларусі ў Крым на машыне разам з сяброўкай і дзецьмі. Паводле яе слоў, у Беларусі цяпер актыўна прасоўваецца адпачынак у Расіі, і гэта можа ствараць адчуванне нармальнасці такіх паездак.

У дыскусіі прагучала фраза, якую гэтая каментатарка перадала са слоў сваёй знаёмай: «Ну калі што — усе разам». Яна тлумачыць гэта не толькі наіўнасцю, але і ступенем роспачы.

Пытанне бяспекі для турыстаў ператвараецца не толькі ў лагістычнае, але і ў маральнае. Адны чакаюць ад туркампаній новых маршрутаў і гатовыя ехаць, калі дарога мінуе Бранскую вобласць. Іншыя адмяняюць паездкі або шукаюць авіяальтэрнатывы.

Трэція пішуць, што любы аўтобусны маршрут праз расійскія рэгіёны цяпер застаецца рызыкоўным, бо сітуацыя можа змяніцца ў любы момант, а «маніторыш не маніторыш, усяго не даведаешся».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках