Легендарны Раналдынью вяртаецца ў футбол
3- 20.06.2026, 19:43
- 1,978
У 46 гадоў ён будзе гуляць за італьянскі клуб.
Былы футбаліст зборнай Бразіліі Раналду ды Асіс Марэйра, вядомы як Раналдынью, вырашыў вярнуцца на поле: неўзабаве ён павінен падпісаць кантракт з італьянскім ФК «Равэна». Пра гэта 19 чэрвеня паведаміў сайт італьянскага тэлеканала Sky Sport.
ФК «Равэна» выступае ў Серыі C — трэцім паводле ўзроўню футбольным дывізіёне Італіі. 23 чэрвеня бразільца прадставяць у Маямі (ЗША) як новага гульца клуба падчас маштабнай імпрэзы, напісала выданне.
Аднак, на думку медыя, Раналдынью наўрад ці будзе часта выходзіць на поле і можа згуляць толькі некалькі хвілін. У той жа час падпісанне кантракта яны называюць «магутным медыйным крокам» для праекта прэзідэнта клуба Ігнацыё Чыпрыяні.
Акрамя таго, футбаліст павінен інвеставаць у амбіцыйны праект «Равэны», адзначыў Sky Sport. У наступным сезоне на новай форме клуба будзе спецыяльны элемент у яго гонар: літара R ад Ravenna будзе спалучацца з R10 — лагатыпам Раналдынью.
У афіцыйнай заяве ён сказаў, што не можа дачакацца, каб «танчыць з мячом і напісаць новую, цудоўную гісторыю з Чыпрыяні і яго сям’ёй». Сам прэзідэнт ФК заявіў, што рашэнне прывесці легендарнага гульца, які быў яго кумірам у дзяцінстве, — «надзвычайны момант для клуба».