Лаўроў не выключыў, што Пуціна «абдурылі»
14- 23.06.2026, 15:10
- 9,302
Кіраўнік МЗС РФ распавёў пра падазрэнні.
Кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў распавёў пра «падазрэнні», што сустрэча Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа у Анкарыджы, дзе, як сцвярджаў Крэмль, былі ўзгодненыя нейкія дамоўленасці па Украіне, была падманам з мэтай выйграць час для паставак дадатковай зброі Кіеву
«Я не хачу нават падазраваць, што Аляска, як і еўрапейскія дзеянні, была задумана, каб выйграць час для дазброення кіеўскага рэжыму, не хачу нават пра гэта думаць. Але на справе атрымалася так, як атрымалася», — цытуе Лаўрова «Інтэрфакс».
Паводле слоў кіраўніка МЗС, у Маскве больш не лічаць ЗША «аб'ектыўным пасярэднікам» і бачаць узмацненне санкцыйнага ціску на Расію
Сустрэча Пуціна і Трампа, што адбылася ў жніўні 2025 года, стала першым візітам расійскага прэзідэнта ў ЗША за апошнія 10 гадоў і першымі перамовамі на найвышэйшым узроўні паміж Масквой і Вашынгтонам з 2021 года. І хоць пасля сустрэчы адбыліся шматлікія раунды расійска-ўкраінскіх перамоваў, Пуцін адмовіўся ісці на саступкі і захаваў максімалісцкія патрабаванні да Кіева аб поўнай здачы Данецкай і Луганскай абласцей.
Трамп, які заяўляў, што ў Кіева «няма козыраў», перагледзеў сваю ацэнку вайны ва Украіне, распавядалі Bloomberg у чэрвені заходнія дыпламаты. Паводле іх слоў, у асяроддзі амерыканскага прэзідэнта і сярод лідараў G7 сфармавалася агульная думка, што Расія не зможа дамагчыся перамогі на полі бою. Цяпер, як паведаміў адзін з прадстаўнікоў G7 на ўмовах ананімнасці, ЗША і еўрапейскія саюзнікі сыходзяцца ў меркаванні, што пазіцыі Кіева ўзмацняюцца.