Бензін знікае ў галоўным нафтавым рэгіёне Расіі
4- 23.06.2026, 15:41
- 2,448
Запраўкі сталі адпускаць не больш за 40 літраў бензіну «ў адны рукі».
Паліўны крызіс у Расіі ў выніку удараў украінскіх дронаў па нафтавай інфраструктуры паглыбляецца. Абмежаванні на продаж бензіну ўвялі ў галоўным нафтаздабыўным рэгіёне краіны, дзе здабываюць 40% усёй расійскай нафты, — Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе (ХМАО), расказалі мясцовыя жыхары выданню «Говорит НеМосква». У прыватнасці, запраўкі «Газпромнефти» сталі адпускаць не больш за 40 літраў бензіну і 80 літраў дызельнага паліва «ў адны рукі». Пры гэтым паліва можна заліваць толькі ў бак транспартнага сродку і па перадаплаце. Падобныя абмежаванні, паводле слоў супрацоўніцы адной АЗС, былі ўведзеныя ў ноч на 23 чэрвеня, піша The Moscow Times.
«Нейкая лухта, думаю я, як грамадзянін Расійскай Федэрацыі. Мы нафтай заллітыя па вушы, свідравіны спыняюць, дзяваць нафту няма куды, а бензіну няма», — пракаментаваў сітуацыю жыхар горада Радужнага ў ХМАО. Такія ж абмежаванні ўвялі ў горадзе нафтавікоў Стрэжавым у суседняй Томскай вобласці. «Гэтыя ліміты і абмежаванні ў большай ступені накіраваныя на тое, каб нас абараніць ад вывазу паліва з заправаў Стрэжавога ў іншыя рэгіёны ў бочках і іншых вялікіх ёмістасцях», — патлумачыў кіраўнік горада Валерый Дэнічэнка. Пра ліміты на запраўках «Газпромнефти» паведамілі і кіроўцы з Цюмені, якая з’яўляецца нафтагазавай сталіцай Расіі.
Кіраўнік Навасібірскай вобласці Андрэй Траўнікаў раніцай 23 чэрвеня заявіў, што на тэрыторыі рэгіёна давядзецца абмежаваць продаж паліва з-за таго, што ліміты на бензін і дызель увялі ў суседніх рэгіёнах. Паводле яго слоў, ён даручыў абласному Мінпрамгандлю «правесці перамовы з уладальнікамі сетак АЗС для выпрацоўкі на працягу дня адзінай пазіцыі па гэтым пытанні».
Напярэдадні пра абмежаванні на продаж паліва на запраўках паведамілі ўлады шасці расійскіх абласцей: Омскай, Іркуцкай, Саратаўскай, Варонежскай, Тамбоўскай і Амурскай. У цэлым ліміты ўжо ўведзеныя больш як у 50 рэгіёнах.