«На жаль, толькі платна»
- 30.06.2026, 11:08
- 1,208
У сацсетках абмяркоўваюць, ці сапраўды медыцына ў Беларусі бясплатная, ці не.
Беларуска здзівілася ў Threads, што, нягледзячы на дэклараваную чыноўнікамі бясплатную медыцыну, каб здаць аналізы і зрабіць УГД, ёй трэба заплаціць.
У каментарыях ёй адказалі, што, магчыма, ёсць бясплатныя варыянты, але часта з чаргамі, а ў некаторых выпадках пацыенты сапраўды вымушаныя шукаць таннейшыя платныя паслугі ў іншых дзяржаўных установах, заўважыла «Зеркало».
«Кажуць, у Беларусі медыцына бясплатная. Я пайшла ў паліклініку з аменарэяй (адсутнасць менструацыі ў жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту на працягу пэўнага перыяду. — Заўв. рэд.), мяне бясплатна накіравалі ў дыягнастычны цэнтр, сказалі здаваць шмат аналізаў на гармоны, але там некаторых рэактываў няма, і больш танныя аналізы я там не здам. За гэта трэба плаціць у платнай клініцы каля 300 рублёў. Таксама зрабіць УГД шчытападобнай залозы і малочных залоз — усё платна. Пытанне, ці толькі ў мяне гэта так дорага? Ці ёсць спосабы зрабіць танней?» — пацікавілася аўтарка допісу.
«Можна ў іншых дзяржарганізацыях здаць аналізы на гармоны танней. Плюс не факт, што вам прызначылі нармальны спектр. У нас многія грашаць гіпердыягностыкай.
Я здавала аналізы платна ў Абласной бальніцы, напрыклад. Там гармоны не такія дарагія, як у прыватных цэнтрах», — напісаў ёй адзін з карыстальнікаў сацсеткі. На гэта яму адказалі: «Дык медыцына ж бясплатная».
Іншыя каментатары таксама адзначалі, што часам за паслугі даводзіцца плаціць, або чаканне бясплатнага абслугоўвання можа зацягнуцца.
«Мяне таксама платна накіроўвалі рабіць УГД, ніхто нават не прапаноўваў зрабіць бясплатна ў паліклініцы».
«Можна здаць у іншай бальніцы або паліклініцы за грошы. Будзе танней, чым у прыватных медцэнтрах».
«Гэта ўсё ёсць бясплатна, проста чарга, магчыма, месяц-два. Рэактывы — не ведаю, а УГД дакладна. Спытайцеся, дзе ёсць рэактывы, няхай дадуць накіраванне. Не ведаю, з якога вы горада, у Гомелі ў цэнтры радыяцыйнай медыцыны шмат чаго можна праверыць».
«Так кажуць толькі тыя, хто не карыстаўся, або пэўная частка карыстальнікаў».
«У нас медыцына бясплатная толькі калі не хварэць».
«Я па ўласнай волі была платна ў гінеколага, узяла ўсе аналізы і здала платна ў дыягнастычным, там крыху танней, чым у іншых. Робяць добра, хутка, вынік можна атрымаць анлайн. Сапраўды пішуць, што бясплатна ёсць, але ці будзеце вы чакаць месяц-два гэты запіс, калі ён ёсць. Гэта датычыцца любога спецыяліста і любога дыягназу. Гатовыя чакаць — прасіце бясплатны талон на той час, які ёсць. Калі не, то, на жаль, толькі платна».
«Чаму вам не далі талоны на УГД? Гармоны таксама павінны ўзяць на месцы і адправіць у лабараторыю, дзе ёсць рэактывы».