Эрдаган пасля сустрэчы з Пуціным зрабіў нечаканую заяву
5- 3.09.2026, 10:24
- 7,348
У Крамлі незадаволеныя ходам вайны.
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін нібыта незадаволены ходам вайны ва Украіне і таму «спадзяецца, што яна як мага хутчэй завершіцца» ў выніку мірных перамоваў. Па меншай меры, так лічыць прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган, які сустракаўся з кіраўніком Крамля ў Кыргызстане на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.
Пра гэта Эрдаган распавёў ужо пасля вяртання з Бішкека. Турэцкі лідар дадаў, што ў кантэксце мірных перамоваў ягоная краіна «гатовая прыкласці ўсе намаганні» дзеля міру, паведамляе trthaber.com.
Пераможа мір, а не вайна
Паводле слоў Эрдагана, падчас сустрэчы з Пуціным бакі «абмеркавалі развіццё адносін паміж Расіяй і Украінай», і гэтае абмеркаванне «было вельмі плённым», а ў цэлым гутарка «прайшла ў вельмі сардэчнай атмасферы». Менавіта падчас гэтых абмеркаванняў расійскі дыктатар нібыта і выказаў надзею на мір з Украінай.
«І мы, і Пуцін спадзяёмся, што вайна паміж Расіяй і Украінай як мага хутчэй скончыцца мірным шляхам. Мы хочам, каб мірны працэс паміж Расіяй і Украінай пачаўся як мага хутчэй і каб у рэгіёне запанаваў мір. Відавочна, што гэтая вайна не прынесла станоўчага выніку ні для нашага рэгіёну, ні для ўсяго свету, ні для задзейнічаных бакоў. Ці задаволены вайной Пуцін? Не. Ён чакае, што яна як мага хутчэй завершыцца — мірным шляхам. Гэта факт: пераможа мір, а не вайна. Мы гатовыя прыкласці ўсе намаганні для дасягнення гэтай мэты», — сказаў Эрдаган.
Праблема суднаходства
Эрдаган таксама паведаміў, што падчас сустрэчы з Пуціным абмяркоўвалася і пытанне бяспекі ў Чорным моры.
«Для нас важныя не толькі судны пад турэцкім сцягам — важная бяспека ўсіх грамадзянскіх марскіх перавозак у Чорным моры. Канфлікт паміж канфліктуючымі бакамі не павінен абвастрацца да такой ступені, калі ён пагражае бяспецы грамадзянскага насельніцтва і камерцыйнай дзейнасці. Адпаведна, нам трэба вырашыць гэтую праблему, бо шкода, якую яна наносіць, толькі расце», — сказаў Эрдаган.
Ён адзначыў, што дасягнутае ў 2022 годзе так званае «Зернавае пагадненне» больш не працуе, і «існуе патрэба ў механізме, які назаўсёды забяспечыць бяспеку камерцыйных марскіх перавозак» у Чорным моры.
«Хачу выразна заявіць, што зернавы крызіс ізноў дае пра сябе ведаць на кантыненце. Было б карысна праявіць ініцыятыву і ў гэтай сферы, перш чым праблема яшчэ больш абвастрыцца», — сказаў Эрдаган.
Ці хоча Пуцін міру
Словы Эрдагана пра далейшае абвастрэнне сітуацыі ў Чорным моры супярэчаць яго тезам пра тое, што Пуцін нібыта разлічвае на мірнае ўрэгуляванне вайны ва Украіне. Так ці інакш, але турэцкі лідар ізноў прапанаваў пасярэдніцтва Анкары ў правядзенні новых перамоваў па стварэнні новага «механізму бяспекі камерцыйных марскіх перавозак».