У Мінабароны Украіны падвялі вынікі удараў вялікай далёкасці ў чэрвені
1- 1.07.2026, 19:19
Геаграфія паражэнняў ахапіла ключавыя аб’екты акупантаў ад Крыму да Сібіры.
1 ліпеня Міністэрства абароны Украіны падвяло вынікі паспяховых удараў вялікай далёкасці Узброеных Сіл Украіны па аб’ектах Расіі, нанесеных на працягу чэрвеня.
У ведамстве адзначылі, што геаграфія паражэнняў ахапіла ключавыя аб’екты расіян ад часова акупаванага Крыму і Краснадарскага краю да Заходняй Сібіры. Удары сіл абароны былі накіраваныя на пазбаўленне праціўніка рэсурсаў для вядзення вайны, у прыватнасці паліва, сродкаў сувязі, вытворчасці ўзбраення і яго кампанентаў. Чэрвеньскія страты ворага ў выніку украінскіх deep strike Міністэрства абароны Украіны ацаніла як «значныя». Падраздзяленні Узброеных Сіл Украіны паразілі дзясяткі аб’ектаў нафтагазавай і паліўнай лагістыкі, прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу, цэнтраў ваеннай і касмічнай сувязі, а таксама карабельнага складу праціўніка. Спыненая або істотна абмежаваная работа шэрагу вядучых нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў РФ, паведаміла прэс-служба.
«Падводзім вынікі deep strike у чэрвені 2026 года. Паражана 11 расійскіх нафтаперапрацоўчых заводаў, сем аб’ектаў паліўнай лагістыкі, восем ваенных заводаў, цэнтры касмічнай сувязі, караблі і паромы. [...] Максімальная дыстанцыя ўдалага ўдару перавысіла 2 тыс. км ад дзяржаўнай мяжы Украіны», – гаворыцца ў рэлізе.
На сайце ведамства быў апублікаваны ўвесь спіс аб’ектаў акупантаў, паражаных у мінулым месяцы, а таксама наступствы нанесеных удараў. Некаторыя з іх, у прыватнасці Маскоўскі НПЗ, цалкам прыпынілі перапрацоўку нафты на нявызначаны тэрмін.
«Сістэмна і мэтава зніжаем ваенны і эканамічны патэнцыял ворага. Прымушаем Расію да завяршэння вайны», – падкрэслілі ў Мінабароны і адначасова нагадалі, што ў маі Украіна з дапамогай deep strike паразіла 18 аб’ектаў нафтаперапрацоўчай галіны і паліўнай лагістыкі РФ, а таксама чатыры аб’екты ваенна-прамысловага комплексу і хімічнай індустрыі праціўніка.