26 чэрвеня 2026, Пятніца, 10:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Зяленскі спакойным голасам выстаўляе новыя патрабаванні, якія для Лукашэнкі — як нож»

3
«Зяленскі спакойным голасам выстаўляе новыя патрабаванні, якія для Лукашэнкі — як нож»

Дыктатар завіс паміж Сцылай і Харыбдай.

Зяленскі працягвае ціснуць на Лукашэнку, піша на «Позірку» палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.

Заглушыўшы па патрабаванні Уладзіміра Зяленскага рэтранслятары, што наводзілі расійскія беспілотнікі, Аляксандр Лукашэнка не выслізнуў з-пад прэсінгу ўкраінскага прэзідэнта. Той чакана імкнецца развіць поспех свайго ўльтыматуму. І цяпер запатрабаваў спыніць «развіццё прыгранічнай інфраструктуры агрэсіі з боку Беларусі».

Ідзе пра тое, што паблізу ўкраінскай мяжы, паводле слоў Зяленскага, будуюцца дарогі, базы захоўвання боепрыпасаў і гаруча-змазачных матэрыялаў, якія «не маюць ніякага іншага сэнсу, акрамя ваеннага».

У красавіку ён ужо згадваў, што, паводле даных украінскай разведкі, у Беларусі «адбываецца будаўніцтва дарог да Украіны і абуладкаванне артылерыйскіх пазіцый». Тады Зяленскі параіў беларускім уладам памятаць пра нядаўнія падзеі ў Венесуэле, намякаючы на сумны лёс Нікаласа Мадура. Цяпер без усялякіх эківокаў заяўлена: спыніце!

«Не трэба пыліць, не трэба крычаць»

Тут варта нагадаць, што яшчэ ў маі 2022 года Лукашэнка абвясціў пра рашэнне стварыць Паўднёвае аператыўнае камандаванне сухапутных войскаў (у дадатак да Заходняга і Паўночна-Заходняга). Магчыма, дарогі і базы фармальна будуюцца менавіта для патрэб ПАК.

Але Зяленскі сцвярджае, што «ў расійскіх дакументах гэта апісваецца менавіта ў кантэксце задач так званай СВА». І зразумела, што ў любым разе Крэмль пры патрэбе лёгка скарыстаецца пабудаваным, калі вырашыць пайсці ў новае наступленне на Украіну з Беларусі.

Няма сумневаў, што пытанне гэтай інфраструктуры ўжо абмяркоўвалася паміж Мінскам і Кіевам па закрытых каналах. Цяпер Зяленскі, як і ў выпадку з рэтранслятарамі, вырашыў націснуць публічна.

Як павядзе сябе Лукашэнка? Для тэлекамер ён выпраменьвае міралюбства. 25 чэрвеня, прымаючы старшыню Савета Федэрацыі Федэральнага сходу РФ Валянціну Матвіенку, заявіў:

— Я ўпэўнены (і пра гэта казаў нядаўна прадстаўнікам Зяленскага), што ўсё роўна нашы народы будуць разам. … Прайдзе час, мы галаву сваю ў парадак прывядзём і наладзім нашы стасункі.

У той жа дзень пра таямнічую сустрэчу з эмісарамі Зяленскага Лукашэнка распавёў і губернатару Маскоўскай вобласці Андрэю Вараб’ёву. І завочна звярнуўся да ўкраінскага кіраўніцтва:

— Давайце, хлопцы, дамаўляцца істотна. Не трэба пыліць, не трэба крычаць.

Зяленскі, уласна, і не крычыць, але сваім спакойным хрыплым голасам выстаўляе патрабаванні, якія саюзніку Масквы — як востры нож.

Паміж кіеўскай Сцылой і крэмлёўскай Харыбдай

Ну ладна яшчэ рэтранслятары, іх адключыць можна раз-два. Хаця і гэта наўрад ці было зроблена без кансультацый з Уладзімірам Пуціным.

Але цяпер Кіеў ставіць рубам пытанне пра дарогі, базы. А заўтра, глядзіш, запатрабуе, каб Мінск перастаў пастаўляць расійскай арміі гаручае, паслязаўтра — каб беларуская абаронка перастала працаваць на Маскву. Намёкі на гэта ў прамовах Зяленскага ўжо прагучалі.

Прапускаць гэтыя словы міма вушэй Лукашэнка, відавочна ўражаны поспехамі ўкраінцаў у ракетна-беспілотніцкай вайне, пабойваецца. Але ён цяпер паміж кіеўскай Сцылой і крэмлёўскай Харыбдай.

Новыя патрабаванні Зяленскага да Мінска відавочна пойдуць Пуціну супраць поўсці. Гэта па-першае. Па-другое, іх выкананне і без усякіх дронаў моцна ўдарыла б па беларускай эканоміцы, шчыльна завязанай на Расію.

Прычым мяжа паміж грамадзянскай і ваеннай прадукцыяй часта размытая. Напрыклад, мікрасхемы мінскага «Інтэграла» могуць выкарыстоўвацца як у пральных машынах, так і ў блоках кіравання радараў. Паспрабуй тут правесці мяжу.

Беларускага кіраўніка вывелі з зоны камфорту

Днямі, пры абмеркаванні ўльтыматуму Зяленскага, была выказаная думка, што ў беларускага кіраўніцтва ёсць мінімальны шанец пайсці прыкладам Фінляндыі часоў Другой сусветнай вайны.

Маюцца на ўвазе 1944‑ы, калі харызматычны Карл Густаў Манэргейм, стаўшы прэзідэнтам гэтай краіны, рэзка змяніў знешнепалітычны курс, заключыў мір з Савецкім Саюзам і нават пачаў ваяваць супраць нацысцкай Германіі, з якой да гэтага афіцыйны Хельсінкі цесна супрацоўнічаў.

Але амаль са стопрацэнтнай упэўненасцю можна прагназаваць, што Лукашэнка беларускім Манэргеймам па цэлым шэрагу прычын не стане. Калі коратка, то занадта ўжо безнадзейна захрас беларускі кіраўнік у пастцы імперыі.

Кіеў цяпер на драйве. Ягоныя ІПСО супраць Лукашэнкі — больш слабога звяна ў тандэме дыктатараў — прыносіць поспех. Аднак і ўкраінцам важна тут не перагнуць. Аслабіць саюз беларускага кіраўніка з Крэмлём магчыма, разарваць не атрымаецца. Калі пераціснуць, можа быць адваротны эфект.

Анансаваная сустрэча з Пуціным акажацца для Лукашэнкі, магчыма, самай няпростай пасля лютага 2022 года. Да пары да часу яму ўдавалася захоўваць своеасаблівы баланс: з аднаго боку, зарабляць на дапамозе ВПК і арміі РФ, з другога — у пэўнай ступені дыстанцыявацца ад гэтай вайны.

Але цяпер украінцы вывелі гэтага хітрага дзеяча з зоны адноснага камфорту і, мяркуючы па ўсім, маюць намер і надалей метадычна выбіваць яго з раўнавагі.

Лукашэнка ж, хутчэй за ўсё, будзе ў сваёй фірмовай манеры лавіраваць у залежнасці ад таго, чыя пагроза — украінская ці крэмлёўская — будзе падавацца яму больш небяспечнай у той ці іншы момант.

Зяленскі працягвае ціснуць на Лукашэнку, аднак беларускім Манэргеймам той не стане | Pozirk

Заглушыўшы па патрабаванні Уладзіміра Зяленскага рэтранслятары, што наводзілі расійскія беспілотнікі, Аляксандр Лукашэнка не выслізнуў з-пад прэсінгу ўкраінскага

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках