Анамальная хваля спёкі накрывае Беларусь
- 26.06.2026, 8:45
- 1,428
Пік з тэмпературай пад 40 павінен прыйсціся на нядзелю.
Рэкордная хваля спёкі, што накрыла Заходнюю Еўропу, дасягнула і Беларусі, паведамілі ў Белгідрамеце. З 26 чэрвеня ў краіну з захаду пачала паступаць паветраная маса трапічнага паходжання.
З прыходам трапічнага цяпла начныя мінімумы будуць вагацца ад +8°С да +17°С, а дзённыя максімумы апынуцца ў межах ад +21°С на ўсходзе, паўночным усходзе да +33°С на захадзе. Як мы ўжо паведамлялі, з-за моцнай спёкі па захадзе краіны на пятніцу і суботу абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі.
«Пік спёкі прыйдзецца на 28−30 чэрвеня (нядзеля-аўторак), калі ў выніку працяглай адвекцыі вельмі цёплага паветра станоўчая тэмпературная анамалія ўсталюецца паўсюдна і складзе 3−11°С», — паведамілі сіноптыкі.
Удзень у гэтыя дні чакаецца ад +26°С да +34°С, а на захадзе і поўдні +35…+38°С. Побач з вельмі высокімі дзённымі тэмпературамі ноччу на значнай тэрыторыі тэмпература паветра не апусціцца ніжэй за +20°С (трапічныя ночы).
Такое анамальна спякотнае надвор'е можа прывесці да таго, што ў бліжэйшы час можа быць пабіты дзённы тэмпературны рэкорд чэрвеня (+37,1°С), зафіксаваны 23 чэрвеня 2021-га на метэастанцыі Акцябр.
У сераду, 1 ліпеня, з-за прытоку паветра з паўночнага захаду Еўропы стане трохі прахаладней, тэмпература складзе +23…+30°С, толькі на поўдні месцамі паветра прагрэецца да +33°С.
Ападкаў чакаецца няшмат, толькі ў асобных раёнах пройдуць кароткачасовыя дажджы.
«Пры актыўным развіцці атмасферных працэсаў месцамі дажджы будуць суправаджацца навальніцамі, а 29−30 чэрвеня (панядзелак-аўторак) — і моцным парывістым ветрам», — адзначылі ў Белгідрамеце.
Там нагадалі, што пры такой спёцы трэба менш знаходзіцца на сонцы, надзяваць нешта на галаву і насіць з сабой ваду.
«Пры гэтым тэмпература вады ў большасці рэк і вадаёмаў, якая на сёння дасягнула камфортных значэнняў і вагаецца ад +16°С да +26°С, будзе працягваць павышацца, таму адпраўляючыся на вадаёмы, будзьце ўважлівыя і асцярожныя, купайцеся ў спецыяльна адведзеных і абсталяваных для гэтага месцах», — падкрэслілі сіноптыкі.