Непадалёк ад Мінска прадаюць незвычайны стыльны барнхаус
3- 10.07.2026, 16:30
- 1,376
Як ён выглядае і колькі каштуе.
У Лагойскім напрамку выставілі на продаж стыльны барнхаус, які выглядае як гатовы загарадны комплекс для адпачынку, піша Onlíner. Аб'ект знаходзіцца ў СТ «Секунда» — у ціхім месцы пасярод лесу і проста на беразе дагледжанага вадаёма, прыкладна ў 20 хвілінах ад МКАД.
Як адзначаецца ў аб'яве, будынак дабудавалі сёлета. Яго плошча — 120 «квадратаў». Дом мае незвычайную Г-падобную форму і візуальна складаецца з двух аб'ёмаў. У аздабленні фасада выкарысталі кантрастнае спалучэнне строгай клінкеравай цэглы і цёплых драўляных рэйкаў, а з боку двара прадугледжана маштабнае панарамнае шкленне і адкрытая тэраса.
Унутры інтэр'ер выкананы ў лаканічным экастылі, заснаваным на гульні кантрастаў: тут змантаваныя цёмныя акцэнтныя столі, якія спалучаюцца са светлай аздобай падлогі і сцен.
Планіроўка прадугледжвае прасторную гасціную, аб'яднаную са сталовай зонай, тры спальні (адна з якіх вынесеная на мансардны паверх), сумешчаны санвузел і перадпакой з ёмістымі сістэмамі захоўвання. Катэдж цалкам укамплектаваны неабходнай мэбляй, бытавой тэхнікай і кандыцыянерам.
Участак агароджаны плотам, на ўездзе ўсталяваныя адкатныя вароты з электрапрывадам і ўласная станцыя для зарадкі электрамабіля. Тэрыторыю добраўпарадкавалі: выканана кантурнае азеляненне, абсталявалі мангальную зону і дадатковыя месцы для адпачынку. На асобнай тэрасе размясціліся круглы адкрыты басейн-чан з сістэмай ачысткі вады, невялікі гасцявы летні домік і драўляная лазня-бочка, галоўная асаблівасць якой — панарамнае загартаванае шкло з выглядам на мясцовы вадаём.
За цалкам добраўпарадкаваны ўчастак і сучасны катэдж просяць $175 013 у эквіваленце.