З малатка прадалі тры абразы экс-палітвязня ксяндза
2- 12.07.2026, 12:19
- 1,062
Фота: katolik.life
Найстаражытнейшы з іх напісаны ў XVIII стагоддзі.
У Беларусі «з малатка» прадалі тры абразы экс-палітвязня ксяндза Генрыха Околатовіча, асуджанага паводле артыкула за «здраду дзяржаве». Інфармацыя пра гэта з'явілася на сайце «БелЮрОбеспечение». Набыць абразы пажадаў усяго адзін чалавек, таму аўкцыён не адбыўся. Адзіны ўдзельнік пагадзіўся забраць іх па прапанаваным кошце, піша «Зеркало».
Ідзе пра абразы «Багародзіца Трох Радасцяў», «Вялікамучаніца Параскева Пятніца» і «Уваскрасенне Хрыста з гроба». Прадалі іх у ліпені.

Абраз «Багародзіца Трох Радасцяў» напісаны ў канцы XIX — пачатку ХХ стагоддзя. Яго ацанілі ў 500 рублёў.

«Вялікамучаніца Параскева Пятніца» датуецца XIX — пачаткам ХХ стагоддзя. За яго папрасілі 700 рублёў.
Абраз «Уваскрасенне Хрыста з гроба» — найстаражытнейшы з іх. Ён напісаны ў канцы XVIII стагоддзя. За яго заплацілі 3200 рублёў.

У апісанні да лотаў напісана, што гэта арыштаваная маёмасць, то бок грошы ад яе продажу пойдуць дзяржаве.
У маі на сайце «БелЮрОбеспечение» прадалі яшчэ адзін абраз Генрыха Околатовіча — «Свяціцель Юліян, епіскап Кенаманійскі». Пакупнік заплаціў за яго 700 рублёў.
Паводле інфармацыі брэсцкай «Вясны», 2 ліпеня на аўкцыёне таксама хацелі рэалізаваць зямельны ўчастак Околатовіча, які знаходзіцца ў вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна. Аднак ахвотных яго набыць не знайшлося.
Нагадаем, ксяндза з Валожына Генрыха Околатовіча асудзілі на 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкула аб «здрадзе дзяржаве». Экс-палітвязень выйшаў на волю 20 лістапада 2025 года «па памілаванні». Пасля вызвалення Околатовіча і яшчэ аднаго памілаванага святара — Анджэя Юхневіча вывезлі ў Ватыкан.
Як паведамлялася, у Ватыкане яны далі абяцанне, што як мінімум цягам года пасля вызвалення не будуць рабіць ніякіх заяў, выступаць і займацца якой-небудзь публічнай дзейнасцю.