У Гомельскай вобласці пачаліся праблемы з мабільнай сувяззю і інтэрнэтам
3- 13.07.2026, 7:46
- 2,832
Гаворка пра аператара A1.
Гомельскія ўлады паведамляюць пра праблемы ў працы аператара A1. Яны распаўсюдзілі прэс-рэліз аператара.
«Інфармуем Вас аб тым, што ў цяперашні момант частка кліентаў кампаніі можа адчуваць часовыя цяжкасці з доступам да паслуг галасавой сувязі і мабільнага інтэрнэту. Тэхнічныя службы A1 ўжо задзейнічаныя для аператыўнага ўстаранення наступстваў інцыдэнту і аднаўлення штатнага рэжыму працы абсталявання. Звяртаем Вашу ўвагу: да поўнага завяршэння аднаўленчых работ магчымыя кароткачасовыя перабоі ў функцыянаванні сэрвісаў», — гаворыцца ў паведамленні.
З заявы ўладаў немагчыма зразумець, каго закранула адсутнасць сувязі.
Чытачы выдання «Сильные новости» пішуць пра праблемы з сувяззю ад A1 у розных гарадах. Акрамя мабільнага інтэрнэту, назіраюцца перабоі з кабельным тэлебачаннем.
«Няма сувязі, датэлефанаваўся ў A1, сказалі, што адвалілася сувязь Гомель і вобласць, Магілёў і вобласць, праблемы на трасе перадачы даных Мінск-Гомель, Мінск-Магілёў, са слоў аператара, працуюць над устараненнем непаладак», — распавёў чытач у каментарыях у сацыяльных сетках.
У Жлобіне сувязь, паводле слоў чытачоў выдання, адсутнічала гадзіну, але сітуацыя пачала наладжвацца.