Упершыню ў свеце: марскі дрон ЗСУ высадзіў робата-дэсантніка на Кінбурнскай касе
- 13.07.2026, 11:19
- 2,522
Унікальная аперацыя.
Байцы 123-й асобнай брыгады тэрытарыяльнай абароны Узброеных Сіл Украіны упершыню ў свеце даставілі на акупаваны ворагам бераг наземны рабатызаваны комплекс з дапамогай кіраванай безэкіпажнай марской платформы.
Пра гэта паведамляе 123-я асобная брыгада тэрытарыяльнай абароны.
Ваенныя таемна даставілі і высадзілі наземны рабатызаваны комплекс (НРК) на акупаваным беразе Кінбурнскай касы ў Мікалаеўскай вобласці. Аперацыю правялі пад кіраўніцтвам камандзіра 123-й асобнай брыгады тэрытарыяльнай абароны палкоўніка Алега Макухі і камандзіра 1-га батальёна беспілотных сістэм 123 ОБр ТрО маёра Дзяніса Гіпіка.
У брыгадзе адзначылі, што яшчэ нядаўна падобная місія здавалася справай далёкай будучыні.
«Першая вядомая нам баявая місія такога фармату ў свеце: наземны рабатызаваны комплекс быў дастаўлены да варожага берага з дапамогай безэкіпажнай марской платформы, высаджаны на акупаваную зямлю роднага краю і выкарыстаны для выканання баявога задання», — гаворыцца ў паведамленні брыгады.
У брыгадзе падкрэслілі: гэта не тэхнічная цацка, а новы падыход да вядзення баявых дзеянняў. Цяпер рызыку замест чалавека бярэ на сябе машына. Беспілотны плыт з рабатызаваным комплексам дазволіў даставіць тэхніку менавіта туды, дзе кожны метр берага небяспечны, а рызыка для чалавека занадта высокая.