Лукашэнка прапанаваў запрашаць працаўнікаў з Узбекістана сем’ямі
15- 13.07.2026, 19:31
- 2,802
Следам за пакістанцамі дыктатар вырашыў засяляць краіну ўзбекамі.
У Беларусі хочуць стварыць сістэму прыцягнення працаўнікаў з іншых краін. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў рэспубліку ўжо прыязджаюць украінцы і расіяне, а цяпер улады гатовыя прымаць і грамадзян Узбекістана.
Адна з ідэй — запрашаць узбекскіх спецыялістаў у сельскую гаспадарку Беларусі. Паралельна інвестары з Узбекістана змогуць ствараць у Беларусі прадпрыемствы і пастаўляць на радзіму прадукцыю, вырабленую тут: мяса, малако і іншае.
Паводле слоў узурпатара, асабліва працаўнікі патрэбныя асобным рэгіёнам. У бліжэйшы час каля 200 грамадзян Узбекістана гатовыя прыбыць у Віцебскую вобласць. Лукашэнка таксама прапанаваў звярнуць увагу на паўднёвы ўсход Магілёўскай вобласці.
Размяркоўваць замежных працаўнікаў плануюць не масава, а пад патрэбы канкрэтных прадпрыемстваў: колькі людзей запатрабуе кіраўнік, столькі і накіруюць. Пры неабходнасці спецыялістаў змогуць дадаткова навучыць ужо ў Беларусі.
«Але пажадана сем’ямі. Нам людзі вельмі патрэбныя», — сказаў Лукашэнка.
Цяпер на ўліку ў Беларусі знаходзяцца 7 тыс. грамадзян Узбекістана, 1,5 тыс. з іх працуюць у эканоміцы, паведаміў кіраўнік адміністрацыі дыктатара Дзмітрый Круты. Акрамя таго, у беларускіх ВНУ вучыцца шмат узбекскіх студэнтаў. Улады не выключаюць, што частка выпускнікоў застанецца працаваць у краіне.
Раней Аляксандр Лукашэнка гаварыў, што Беларусь праз недахоп працаўнікаў будзе прыцягваць людзей перадусім з азіяцкіх краін. Ён таксама прапаноўваў замежнікам прыязджаць сем’ямі і рассяляцца ў розных рэгіёнах краіны.