«Бахнулі б усё за адзін тыдзень»
1- 13.07.2026, 22:12
- 1,830
Беларуска паскардзілася на лекараў з-за прышчэпак дзіцяці.
Жыхарка Смалявічаў паскардзілася ў Threads на працу мясцовай паліклінікі, заявіўшы, што ёй даводзіцца самастойна разбірацца ў пытаннях вакцынацыі дзіцяці і кантраляваць медыцынскую дакументацыю. У Смалявіцкай цэнтральнай раённай бальніцы назвалі абвінавачанні неабгрунтаванымі і пагразілі юрыдычнай адказнасцю, перадае «Зеркало».
«Нараджаеце? Нараджаеце болей?! [Можа,] спачатку трэба навесці парадак з лекарамі?! Чаму я павінна вывучаць у Гугле і ў іншых крыніцах сумяшчальнасць прышчэпак нованароджанаму, каб потым тлумачыць педыятру, што паміж прышчэпкамі трэба пачакаць?! Чаму я павінна кантраляваць захаванасць сертыфікатаў аб зробленых прышчэпках у платных цэнтрах, у сваёй паліклініцы? Гаворка ідзе не пра вёску, як вы маглі падумаць, гэта горад-спадарожнік Смалявічы, спадары!» — напісала жанчына.
У каментары яна дадала, што, калі б не пачала самастойна разбірацца ў пытанні, дзіцяці «бахнулі б усё за адзін тыдзень»: вакцыну супраць сухотаў БЦЖ адначасова з камбінаванай вакцынай «Гексаксим», тую ж БЦЖ — з пнеўмакокавай вакцынай «Прэвенар», а таксама вакцыну ад ротавіруснай інфекцыі «РотаТэк» — разам з аральнай паліяміэлітнай вакцынай (ОПВ).
Акрамя таго, беларуска паскардзілася на вядзенне медыцынскай дакументацыі: паводле яе слоў, педыятр патрабуе прынесці сертыфікат аб прышчэпках, каб уклеіць яго ў картку.
«Я сабе завяла проста тэчку для дзіцяці з дакументамі і ўсе платныя абследаванні захоўваю, а ў паліклініку нясу копіі, бо то картку згубяць, то цяпер сертыфікат», — напісала яна.
У каментары дзяржаўнаму выданню «Край смалявіцкі» загадчыца педыятрычнага аддзялення паліклінікі № 2 Смалявіцкай ЦРБ Кацярына Плескач абвергла прэтэнзіі.
Паводле яе слоў, дзяржаўных сертыфікатаў аб прышчэпках у Беларусі не існуе. Такія дакументы афармляюць прыватныя медыцынскія цэнтры як дадатковую паслугу, а дзяржаўныя паліклінікі па запыце выдаюць афіцыйную выпіску з карты прафілактычных прышчэпак.
«Сертыфікаты ў прыгожых вокладках — гэта паслуга платных медцэнтраў, дзе бацькі за ўласныя сродкі замаўляюць іх афармленне. Мы не сочым за захаванасцю паперак, набытых дзесьці і кімсьці», — заявіла медык.
Яна дадала, што абавязковыя інтэрвалы паміж вакцынамі прадугледжаныя толькі ў асобных выпадках, напрыклад пасля БЦЖ, паміж дозамі адной вакцыны або паміж жывымі вакцынамі пры іх раздзельным увядзенні.
Акрамя таго, Плескач абвергла сцвярджэнні пра магчымасць адначасовага ўвядзення несумяшчальных прэпаратаў. Паводле яе слоў, вакцына «РотаТэк» з'явілася ў Беларусі ўсяго 2−3 тыдні таму і пакуль не паступала ў Смалявіцкую ЦРБ. Папярэдняя, «Рота-V-Эйд», адсутнічае ў рэспубліцы з пачатку мая, а жывая аральная паліяміэлітная вакцына ў Беларусі не выкарыстоўваецца ўжо каля дзесяці гадоў.
«Гэта няпраўдзівая інфармацыя, якая зневажае гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю медустановы, што можа пацягнуць за сабой юрыдычную адказнасць», — дадала загадчыца.