На поўначы Крыму пачнуць адключаць мабільную сувязь на 16 гадзін у дзень
2- 15.07.2026, 19:57
Паўвостраў жыве ва ўмовах найвострага энергетычнага крызісу.
У горадзе Джанкой на поўначы Крыму мабільную сувязь будуць уключаць па раскладзе — на 4 гадзіны двойчы на дзень. У прыватнасці, жыхары і госці рэгіёна змогуць скарыстацца ёю з 8:00 да 12:00 і з 14:00 да 18:00, паведаміла прызначанае Расіяй «міністэрства» ўнутранай палітыкі Крыму, перадае The Moscow Times.
Грамадзянаў просяць улічваць новы рэжым «пры планаванні званкоў, карыстанні мабільным інтэрнэтам і вырашэнні пытанняў, якія патрабуюць стабільнай сувязі». Тэрміны абмежаванняў не ўдакладняюцца. Таксама графік падачы інтэрнэту ў бліжэйшыя вёскі апублікаваў мясцовы правайдэр «Джанкой онлайн».
Крым працягвае жыць ва ўмовах найвострага энергетычнага крызісу, які ўзнік з-за інтэнсіўных украінскіх удараў па падстанцыях і шляхах забеспячэння паўвострава, а таксама па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах. 26 чэрвеня ў рэгіёне ўвялі рэжым надзвычайнай сітуацыі. 6 ліпеня ўвесь Крым застаўся без святла, а затым і без вады.
У Джанкое электразабеспячэнне дагэтуль абмежавана, а ваду падаюць толькі двойчы на дзень — з 6:00 да 9:00 і з 18:00 да 21:00. Падобная сітуацыя назіраецца ў іншых гарадах на поўначы Крыму, уключаючы Армянск і Краснаперакопск. У сацсетках пачаўся збор дапамогі для жыхароў гэтай часткі паўвострава. Перш за ўсё людзей просяць прыносіць пітную ваду.
24 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвясціў пра пачатак аперацыі ў Крыме па прымушэнні Расіі да міру. Міністр абароны Міхаіл Фёдараў заяўляў пра планы ізаляваць паўвостраў за кошт інтэнсіўных удараў па лагістыцы, энергасістэме і ваенных аб'ектах.
Расійскія ўлады раней тлумачылі адключэнні мабільнай сувязі барацьбой з украінскімі беспілотнікамі, сцвярджаючы, што тыя выкарыстоўваюць сотавыя сеткі для навігацыі і навядзення на мэту.