У Беларусі ашукалі работнікаў з Індыі
2- 16.07.2026, 8:12
- 2,262
20 чалавек прыехалі на неіснуючую фабрыку.
Ураджэнец Туркменістана арганізаваў прыезд у Гомель 20 незаконных мігрантаў з Індыі — яны павінны былі працаваць на швейнай вытворчасці, якой насамрэч не існавала. Падрабязнасці выданню «Белка» паведамілі ў гарадской пракуратуры.
Арганізатарам незаконнай міграцыі аказаўся дырэктар ТАА, якое працуе ў сферы таксі. Сам ён прыехаў у Беларусь з Туркменістана.
Каб мець магчымасць афармляць працоўныя візы, мужчына ўнёс у статут кампаніі дадатковы від дзейнасці — швейная вытворчасць. Аднак яна існавала толькі на паперы: ні памяшкання, ні абсталявання ў прадпрымальніка не было.
Пасля афармлення дакументаў грамадзяне Індыі прыляцелі ў Мінск, дзе іх сустрэлі брат абвінавачанага і адзін з таксістаў, што працаваў на яго.
У Гомелі дырэктар ТАА асабіста займаўся рассяленнем прыезджых па здымных кватэрах. Аднак неўзабаве ўзніклі праблемы з рэгістрацыяй: пасля некалькіх адміністрацыйных пратаколаў мігрантамі і іх наймальнікам зацікавілася міліцыя.
Следства ўстанавіла, што ў абвінавачанага была саўдзельніца з Польшчы, якая перасылала яму грошы за арганізацыю схемы. Усяго ён атрымаў ад яе больш за 28 тысяч рублёў.
Мужчыну будуць судзіць па частцы 2 артыкула 371-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі — за арганізацыю незаконнай міграцыі, учыненую групай асоб па папярэдняй змове. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў, паведаміла памочніца пракурора горада Гомеля па асаблівых даручэннях Марыя Пушкар.