17 лiпеня 2026, Пятніца, 13:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Узброеныя сілы Украіны ліквідавалі расійскіх акупантаў, якія «адпачывалі» на Арабатскай стрэлцы

Узброеныя сілы Украіны ліквідавалі расійскіх акупантаў, якія «адпачывалі» на Арабатскай стрэлцы

Ідзе гаворка пра базы адпачынку «Дружба», «Сокал», «Маяк» і «Марскі».

Сілы абароны Украіны нанеслі паветраныя ўдары па месцах дыслакацыі акупацыйных расійскіх войскаў на Арабатскай стрэлцы. Пад атаку трапілі санаторыі і турбазы, дзе размяшчаўся асабісты склад арміі РФ, паведамляе маніторынгавая група «Крымскі вецер».

Са спасылкай на дадзеныя спадарожнікавых здымкаў у групе заявілі, што пажары зафіксаваныя на тэрыторыі як мінімум чатырох санаторыяў і баз адпачынку на Арабатскай стрэлцы. Ідзе гаворка пра базы адпачынку «Дружба», «Сокал», «Маяк» і «Марскі».

У ноч на 17 ліпеня ўкраінскія сілы атакавалі не толькі аб'екты на Арабатскай стрэлцы, але і шэраг мэтаў у анексаваным Крыме. Выбухі на паўвостраве гучалі ў раёне расійскай авіябазы каля пасёлка Гвардзейскае, побач з Феадосіяй, дзе знаходзіцца нафтабаза, а таксама недалёка ад пасёлка Какцябель.

Найбольшую колькасць выбухаў зафіксавалі ў раёне Керчы. Паводле слоў мясцовых жыхароў, дроны атакавалі раён чыгуначнай станцыі — аднаго з ключавых лагістычных вузлоў расійскіх акупантаў у Крыме. Па папярэдніх даных, былі траплянні па чыгуначных эшалонах, складах і нафтабазе.

Нагадаем, з мая бягучага года Узброеныя сілы Украіны праводзяць аперацыю па блакаванні Крыму. Спачатку Сілы абароны з дапамогай дронаў перакрылі «сухапутны калідор» з Расіі і вывелі з ладу масты, што вядуць на паўвостраў. У канцы чэрвеня ўкраінскія вайскоўцы пачалі абмяжоўваць і марскія пастаўкі, наносячы ўдары па расійскіх караблях і паромах у Азоўскім моры.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках