Дзе ў Мінску паглядзець фінал чэмпіянату свету па футболе
- 17.07.2026, 15:08
Гід па галоўных лакацыях.
У нядзелю, 19 ліпеня, завершыцца чэмпіянат свету па футболе. У Мінску фінальны паядынак пакажуць на самых розных пляцоўках — ад вялізных арэн да бароў і кінaзалаў. Office Life высветліў, якія фарматы чакаюць заўзятараў і колькі каштуюць білеты.
Стадыёны
Упершыню маштабны футбольны праект аб'яднаў два вядучыя спартыўныя аб'екты сталіцы, але арганізатары раздзялілі іх па канцэпцыях.
Так, на Нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама» захавалі ўпадабаны мінчанам фармат: гледачоў будуць пускаць проста на натуральны газон цэнтральнай арэны, куды можна прыйсці з уласнымі пледамі або ўзяць пуф.
А вось Нацыянальны футбольны стадыён на Партызанскім праспекце прапануе класічны стадыённы прагляд — назіраць за гульнёй на велізарных экранах заўзятары будуць строга з трыбун комплексу.
Білеты на абедзве арэны каштуюць аднолькава — 6 рублёў.
Гастрапляцоўкі
Для тых, хто хоча сумясціць спорт і стрыт-фуд, пад адкрытым небам разгорнуцца маштабныя фан-зоны з бясплатным уваходам.
У «Лідбір Двары» каментаваць гульню ў рэжыме рэальнага часу са сцэны будзе спартыўны каментатар Уладзімір Навіцкі.
На «Лепшай вуліцы» гледачоў чакае перадматчавае музычнае разагрэвaнне ад гурта «Нестандартны варыянт», а таксама футбольны квіз з прызамі.
Вялікі інтэрактыўны «двіж» з конкурсамі абяцаюць у гастраскверы «Маніфест», а калі падвядзе надвор'е, камфортны прагляд пад кандыцыянерамі арганізуе фуд-мол «Конкорс» у ТРЦ Galileo.
Кінотеатры і інтэрактыўныя арэны
Аматарам максімальнага фокусу на малюнку і гуку прапануюць адправіцца ў кiнатэатры, якія вылучылі пад футбол вялікія залы. Сеткі mooon і Silver Screen паказваюць фінал на вялікіх экранах, стандартны білет абыдзецца ад 17 да 55 рублёў у залежнасці ад тыпу крэслаў. Паглядзець гульню можна і ў Skyline Cinema ў ТРЦ Galileo.
Іншы інтэрактыўны фармат падрыхтаваў кіберцэнтр Meta Arena на Якуба Коласа: тут трансляцыю вырашальнай гульні сумесцяць з магчымасцю пагуляць на магутных ПК і аўтасімулятарах у перапынках.
Асаблівы фармат чакае гасцей і ў плэйбары HEROES у ТРК Minsk City Mall — там пад трансляцыю вылучылі цэлы зал з безлімітам ежы і напояў за 150 рублёў.
Бары
Здаецца, знайсці ў Мінску вячэрнюю ўстанову, дзе 19 ліпеня не будуць паказваць футбол, амаль нерэальна — гульня ахапіла ўвесь горад. Напрыклад, вялікую колькасць месцаў і трансляцыю на ўсіх экранах абяцае ірландскі Pub 12 на праспекце Незалежнасці. Паглядзець матч у класічнай атмасферы запрашаюць гастропаб ZAVOD на Машэрава і бар «Асобняк» на Мельнікайце. А вось піўны рэстаран «Гвоздь» на Гікала знаходзіцца літаральна ў двух кроках ад «Лідбір Двора», таму ўстанова можа стаць выдатным крытым ратаваннем для тых, хто захоча сысці ад шуму адкрытай гастрапляцоўкі да рэстараннага абслугоўвання.
З-за падвышанага попыту на фінал большасць пабаў працуе па сістэме папярэдняга браніравання і дэпазітаў.