17 лiпеня 2026, Пятніца, 16:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Washington Post: Украіна ператварыла досвед вайны ў перавагу

The Washington Post: Украіна ператварыла досвед вайны ў перавагу

Украіна прадае свае дроны, дае парады і стварае сумесныя вытворчыя лініі.

За час вайны ўкраінцы навучыліся распрацоўваць супрацьмеры на кожную расійскую інавацыю. Як піша выданне The Wasington Post, сярод такіх расійскіх інавацый — FPV-дроны, беспілотнікі з рэактыўнымі рухавікамі і дроны на аптавалакне.

«Украіна атрымала шмат крывавага досведу», — пракаментаваў Станіслаў Грышын, дырэктар General Cherry — вытворцы беспілотнікаў-перахопнікаў.

У кампаніі дадалі, што нават сітуацыя на Блізкім Усходзе ніякіх навінак для Украіны не ўяўляе.

«... Яны выкарыстоўваюць тактыкі і стратэгіі, якія працавалі ва Украіне год або два таму… Большасць новых распрацовак у галіне беспілотнікаў і перахопнікаў ідуць ад нас, а не да нас», — ахарактарызаваў сітуацыю прэс-сакратар украінскай кампаніі Марко Кушнір.

З таго часу, як ЗША пачалі вайну супраць Ірана, Украіна падпісала 10-гадовыя пагадненні аб бяспецы з саюзнікамі ў Персідскім заліве — Катаром, Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, а зусім нядаўна заключыла здзелкі з Літвой і Эстоніяй, якія мяжуюць з РФ.

Іншыя краіны таксама выказалі зацікаўленасць.

«Латвія перайме ўнікальны баявы досвед Украіны ў сферы абароны паветранай прасторы ад атак беспілотнікаў», — сказаў прэм’ер-міністр Латвіі Андрыс Кульбергс. Ён абвясціў, што дзве краіны хутка пачнуць будаўніцтва сумеснага прадпрыемства па вытворчасці беспілотнікаў недалёка ад мяжы Латвіі з Расіяй.

У публікацыі адзначаецца, што Украіна паступова адкрывае экспарт сваіх тэхналогій, хаця вытворчасць саміх беспілотнікаў арыентавана перадусім на патрэбы ўкраінскай арміі.

Дроны-перахопнікі ўсё часцей становяцца асноўнай лініяй супрацьпаветранай абароны Украіны. Працэнт перахопленых дронаў засакрэчаны, але вядома, што гэтыя лічбы хутка растуць.

Выданне звярнула ўвагу, што цяпер у краіне больш за 100 кампаній працуюць над стварэннем розных мадэляў дронаў-перахопнікаў, якія пастаянна ўдасканальваюцца ў адказ на змену расійскай тактыкі.

Адна з перспектыўных распрацовак — сістэма «Хыжак» ад кампаніі UFORCE, якая таксама распрацавала высокаэфектыўны марскі беспілотнік «Магура».

«Хыжак» выкарыстоўвае элементы штучнага інтэлекту, цеплавізійныя камеры, лазерныя датчыкі і аўтаматычнае суправаджэнне мэт. У будучыні распрацоўшчыкі разлічваюць зрабіць комплекс цалкам аўтаномным, каб эфектыўна змагацца з FPV-дронамі, у тым ліку на аптавалакне. Цяпер жа працэс захопу мэты і яе адсочвання кантралюецца чалавекам-аператарам, які прымае канчатковае рашэнне аб тым, ці націскаць на спускавы кручок.

У цэлым украінскія распрацоўшчыкі лічаць, што найбольшай перавагай, якую Украіна можа прапанаваць саюзнікам, з’яўляецца веданне таго, як вядзецца вайна ў XXI стагоддзі. То бок яе галоўным экспартным прадуктам становяцца не толькі тэхналогіі, але і разуменне таго, як змянілася сучасная вайна.

Яны лічаць, што дзяржавы павінны навучыцца ствараць новыя ваенныя рашэнні за тыдні, а не за гады, бо хуткасць адаптацыі становіцца вырашальным фактарам на полі бою.

Украінцы спрабуюць пераканаць саюзнікаў у тым, што тактыка, якая працавала нават у нядаўнім мінулым, больш неэфектыўная, бо састарэла. Яны гатовыя падзяліцца з імі сваім досведам і дапамагчы падрыхтавацца да новых пагроз яшчэ да таго, як тыя сутыкнуцца з імі непасрэдна.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках