У Мінску ўтварылася велізарная чарга ў месцы, дзе рэдка бывае ажыятаж
- 17.07.2026, 20:32
- 1,956
Фотафакт.
Першы дыджэй-сэт на агляднай пляцоўцы Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску 17 ліпеня выклікаў нечаканы ажыятаж: яшчэ да пачатку мерапрыемства ля ўваходу ўтварылася шматметровая чарга, піша «Зеркало».
На агляднай пляцоўцы Нацыянальнай бібліятэкі 17 ліпеня праходзіць музычны вечар «На вышыні». У праграме — выступы Brener, DJ Chaki і Alena Soroko, якія граюць электронную музыку на фоне панарамы вячэрняга Мінска.
Патрапіць на мерапрыемства можна па звычайным білеце на аглядную пляцоўку, які прадаецца ў касе без папярэдняга запісу.
Аднак ахвотных аказалася значна больш, чым, магчыма, чакалі арганізатары, — наведвальнікі публікуюць у сацсетках фотаздымкі доўгай чаргі ля ўваходу.
Па ацэнцы адной з карыстальніц Threads, яе даўжыня дасягала каля 300 метраў.
«Чарга ў бібліятэку. Усе хочуць паслухаць музыку з даху, — напісала яна і дадала: — Прыходзьце лепш да мяне на перманент, вы не ў сваёй чарзе стаіце».
Іншы мінчанін расказаў, што адмовіўся ад ідэі патрапіць на мерапрыемства, убачыўшы колькасць людзей:
«Хацеў на дыджэя ў Нацбібліятэку Мінска паехаць, але як чаргу ўбачыў, то зразумеў, што не, проста яшчэ пасяджу», — адзначыў ён.
«Хто ў пачатку чаргі на ўваход на дыскатэку ў бібліятэку? І ці можна да вас далучыцца», — пішуць у сацсетцы.
Праект «На вышыні» арганізаваны пры падтрымцы студыі гуказапісу «Тры сотні рэкордс» і студыі дыджэінгу LAB by Bazhen. Абмежаванняў па ўзросце для наведвальнікаў няма, аднак дзеці да 14 гадоў могуць наведваць мерапрыемства толькі ў суправаджэнні бацькоў.