На прадпрыемстве ў Нава-Лукомлі здарыўся пажар
- 18.07.2026, 11:08
- 1,030
Відэа.
Узгаранне на буйным прамысловым аб’екце адбылося мінулай ноччу ў Нава-Лукомлі (Чашніцкі раён Віцебскай вобласці).
Падрабязнасці паведамілі ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях.
У Нава-Лукомлі ёсць два асноўныя прадпрыемствы: Лукомльская ГРЭС і завод керамзітавага гравію. І, судзячы з апісання інцыдэнту, гаворка пра другое. Яно размешчана на Крупскім шасэ, 1.
Ратавальнікаў выклікалі супрацоўнікі прадпрыемства. Яны паведамілі, што ачаг узгарання знаходзіўся на канвеернай лініі ў цэху па вытворчасці керамзіту.
Да моманту прыбыцця пажарных разлікаў памяшканне было моцна задымленае.
Восем супрацоўнікаў завода, якія знаходзіліся ўнутры, эвакуяваліся самастойна да прыезду ратавальнікаў, медыцынская дапамога ім не спатрэбілася.
Дзякуючы зладжаным дзеянням супрацоўнікаў МНС агонь удалося хутка лакалізаваць і патушыць.
У ліквідацыі пажару ўдзельнічалі 10 адзінак спецтэхнікі. Прычыны здарэння высвятляюцца.