У палітвязня і журналіста Ігара Ільяша пагоршылася здароўе
2- 18.07.2026, 15:01
Жонка палітвязня б’е трывогу.
У беларускага журналіста, палітвязня Ігара Ільяша пагоршылася здароўе пасля таго, як напрыканцы 2025 года яго накіравалі ў бабруйскую папраўчую калонію № 2. Пра гэта «Радыё Свабода» расказала ягоная жонка, журналістка Кацярына Андрэева.
Паводле яе слоў, яна не мае магчымасці перапісвацца з мужам або званіць яму, аднак падтрымлівае сувязь з крыніцамі, якіх лічыць добра інфармаванымі пра становішча Ігара. Паводле іхняй інфармацыі, пасля этапавання ў калонію з самага пачатку, яшчэ падчас каранціну, ён двойчы знаходзіўся ў штрафным ізалятары (ШІЗА) па 15 сутак, а потым яго накіроўвалі туды як мінімум яшчэ два разы. Усяго Ігар ужо правёў у ШІЗА каля 60 дзён.
— У бабруйскай калоніі, як мне расказалі, камеры ШІЗА маленькія і знаходзяцца ў паўпадвальным памяшканні. То бок там вельмі высокая вільготнасць, а месца для руху амаль няма. Пасля выхаду з ШІЗА Ігар адразу пачаў скардзіцца на ацёкі: у яго ацякалі ногі і рукі. Потым яго накіравалі працаваць на перапрацоўку гумы, напрыклад, аўтамабільных шын. Гэта таксама вельмі дрэнна адбілася на здароўі — у яго з’явіліся праблемы з каардынацыяй рухаў, асабліва правай рукі. А калі ён апошні раз выйшаў з ШІЗА, людзі бачылі, што ён кульгае. Акрамя таго, праз знаходжанне ў ШІЗА ў яго рэзка пагоршыўся зрок, — расказала Кацярына Андрэева.
Яшчэ адно сур’ёзнае наступства для здароўя Ігара Ільяша, паводле яе слоў, — гэта моцнае пахуданне.
Кацярына тлумачыць гэта «бедным харчаваннем у калоніі» і тым, што, паколькі Ігара прызналі «экстрэмістам», ён можа набываць прадукты ў турэмнай краме толькі на суму ў дзве базавыя велічыні (90 рублёў) і толькі тады, калі не знаходзіцца ў ШІЗА.
Акрамя таго, Ігар пазбаўлены магчымасці атрымліваць харчовыя перадачы з волі, адзначыла Кацярына Андрэева.
Пры гэтым маральны стан мужа не выклікае ў яе вялікай трывогі, бо ён добра трымаецца, нягледзячы на сітуацыю.
— Ягонае здароўе — гэта тое, што пастаянна прыносіць мне боль, а з усім астатнім, я ведаю, ён справіцца. Маральны стан у яго добры. Ён шмат чытае, у тым ліку знаходзіць сваю ўлюбёную гістарычную літаратуру. Ведаю, што паход у бібліятэку для яго важнейшы, чым паход у турэмную краму, — расказала Кацярына Андрэева пра свайго мужа Ігара Ільяша.
18 ліпеня Ігар адзначае дзень нараджэння — яму спаўняецца 38 гадоў. Ён ужо другі раз сустракае свой дзень у зняволенні.
19 сакавіка гэтага года Лукашэнка памілаваў 250 палітвязняў, 15 з якіх, уключна з журналісткай Кацярынай Андрэевай, былі вывезеныя ў Літву. Вызваленне стала магчымым пасля перамоваў, якія ў Мінску правёў Джон Коул, спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Кацярына Андрэева спадзяецца, што ў выніку падобных перамоваў на волю выйдзе і яе муж Ігар, а таксама іншыя зняволеныя журналісты і ўсе беларускія палітвязні.