Прэзідэнт Аргенціны адмовіўся ляцець на фінал чэмпіянату свету-2026
2- 18.07.2026, 19:42
- 2,326
Фота: Bloomberg
Хав'ер Мілей вырашыў не парушаць шчаслівы рытуал зборнай.
Прэзідэнт Аргенціны Хав'ер Мілей не будзе прысутнічаць на фінале чэмпіянату свету 2026 года супраць Іспаніі, які адбудзецца на стадыёне «МетЛайф» у штаце Нью-Джэрсі.
Мілей вырашыў застацца ў Аргенціне з-за забабонаў, паведамляе The Athletic. Усе папярэднія матчы сваёй зборнай ён глядзеў з прэзідэнцкай рэзідэнцыі ў Алівасе і хоча захаваць гэтую традыцыю, бо аргенцінцы перамаглі ва ўсіх сямі матчах на шляху да фіналу.
Прэзідэнт растлумачыў, што падчас турніру выконвае пэўныя рытуалы. У прыватнасці, ён пастаянна надзявае куртку з лагатыпам нафтавай кампаніі.
«Паколькі холадна, а ацяпленне я не ўключаю, то ношу куртку нафтавай кампаніі. У дзень матчу са Швейцарыяй мне стала вельмі горача, я яе зняў — і нам адразу забілі. Потым зноў надзеў яе і больш не здымаў», — распавёў Мілей.
Забабоны шырока распаўсюджаныя ў аргентынскім футболе. Галоўны трэнер зборнай Ліянэль Скалоні раней прызнаваўся, што заўсёды выходзіць на поле з правай нагі, а Ліянэль Мэсі, Радрыга дэ Пауль і прэзідэнт Аргенцінскай футбольнай асацыяцыі Клаўдыё Тапія перад ключавымі матчамі традыцыйна робяць супольнае фота, якое лічаць шчаслівым талісманам.
Матч Іспанія — Аргенціна адбудзецца ў нядзелю, 19 ліпеня, і пачнецца а 22:00 па мінскім часе.
Іспанія паспрабуе другі раз у гісторыі стаць чэмпіёнам свету па футболе, а Аргенціна прэтэндуе на сваё чацвёртае золата. Каманда Ліянэля Скалоні — дзеючы чэмпіён свету: яна абыграла Францыю ў фінале турніру ў Катары ў 2022 годзе.