У Беларусі знік папулярны лекавы прэпарат
1- 22.07.2026, 8:26
- 2,862
Пакупнікі тэрмінова шукаюць замену і гатовыя ехаць за дзясяткі кіламетраў.
У Беларусі пакупнікі не могуць знайсці ў аптэках прэпарат «Феррэтаб комп» — сродак з жалезам і фаліевай кіслатой, які прымяняюць для лячэння і прафілактыкі жалезадэфіцытнай анеміі і схаванага дэфіцыту жалеза. У нашай краіне ён адпускаецца без рэцэпту. У Threads абмяркоўваюць, дзе знайсці лекі і чым іх можна замяніць, піша Hrodna.life.
«Жалезадэфіцытчыкі, увага, пытанне: куды з Беларусі знік «Феррэтаб»?» — напісала адна з карыстальніц.
Паводле даных сайта 103.by, цяпер прэпарата няма ў наяўнасці ні ў адной аптэцы Беларусі.
Пры гэтым на сайце Tabletka.by мінчанка Наталля яшчэ 16 чэрвеня пыталася, калі «Феррэтаб комп» з'явіцца ў аптэках сталіцы. У адказ ёй паведамілі: «4-ы квартал». У Threads пад пастом беларускай нехта ўдакладніў, што прэпарат часова адсутнічае з-за перарэгістрацыі.
Аднак, згодна з дзяржаўным рэестрам лекавых сродкаў, прэпарат «Феррэтаб» мае бестэрміновую рэгістрацыю ў Беларусі. Магчыма, адной з прычын знікнення прэпарата маглі стаць праблемы з якасцю асобных паставак.
Год таму — у жніўні 2025 года — Мінздароўя на падставе паведамлення «Дзяржфармнагляду» прыняў рашэнне выняць з абарачэння дзве канкрэтныя партыі капсул «Феррэтаб комп» аўстрыйскага вытворцы G.L. Pharma GmbH — серыі G06831 і F06988. Рэспубліканская кантрольна-аналітычная лабараторыя прызнала іх неякаснымі з-за неадпаведнасці паказчыкам колькаснага вызначэння двухвалентнага жалеза.
Калі «Феррэтаб» зноў з'явіцца ў продажы
Некаторыя сутыкнуліся з адсутнасцю і іншых прэпаратаў жалеза. Адна з карыстальніц распавяла, што не змагла купіць «Тардыферон» у Шчучыне і цяпер збіраецца ехаць па лекі ў Гродна:
«Учора не змагла купіць «Тардыферон» у Шчучыне, давядзецца ехаць за 60 км у Гродна, там, нібыта, ёсць. Ён мне выдатна павышае ферытын і заадно ўзровень жыцця».
«Тардыферона» і праўда няма ў Шчучыне. Таксама, як і ў Мастах ці Беразоўцы.
У продажы ён ёсць, напрыклад, у Астраўцы, Ваўкавыску, Свіслачы, Слоніме, Гродне і Лідзе, паводле даных сайта 103.by.
Іншыя ўдзельніцы абмеркавання раяць шукаць прэпараты праз сайты аптэк і правяраць наяўнасць у розных гарадах. Адна з карыстальніц распавяла, што месяц таму знайшла «Феррэтаб» у Баранавічах, а пазней замовіла прэпарат з Расіі.
На пытанне, як замовіць лекі з РФ, карыстальнікі адказалі, што набывалі прэпарат праз тэлеграм-чаты.
Чым замяняюць прэпарат
У каментарыях прапануюць некалькі альтэрнатыў «Феррэтабу». Сярод іх — «Тардыферон», «Татэма» і іншыя прэпараты жалеза.
«Ёсць альтэрнатыва — «Татэма»», — напісала адна з удзельніц абмеркавання.
У адказ ёй заўважылі, што прэпарат можа афарбоўваць зубы. Іншыя карыстальніцы падзяліліся сваім досведам прыёму:
«Піце праз трубачку, у мяне асабіста праблем не ўзнікла».
Пры гэтым карыстальнікі адзначаюць, што прэпараты жалеза падыходзяць не ўсім аднолькава, таму самастойна змяняць прызначаны лекарам сродак не варта.