Украінскі F-16 упершыню збіў знішчальнік РФ
4- 22.07.2026, 9:05
- 7,294
З нечаканай заявай выступіў генерал ЗША.
Украінскі знішчальнік F-16 упершыню збіў расійскі самалёт у паветраным баі.
Пра гэта падчас слуханняў у Камітэце Сената ЗША па асігнаваннях заявіў старшыня Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША генерал Дэн Кейн.
Падчас слуханняў сенатар Рычард Дурбін спытаў Кейна, як на Украіне можа адбіцца магчымае спыненне фінансавання сістэм супрацьпаветранай абароны на тры гады.
У адказ генерал падкрэсліў, што ўкраінскі абаронна-прамысловы комплекс значна пашырыў свае магчымасці — ад сістэм «зямля–паветра» да сродкаў вядзення паветранага бою.
У якасці прыкладу Кейн прывёў нядаўні паветраны бой, у якім, паводле яго слоў, украінскі F-16 упершыню збіў расійскі знішчальнік.
«Нядаўна мы сталі сведкамі першага паветранага бою, у якім украінскі F-16 збіў расійскі знішчальнік. За апошнія некалькі гадоў, дзякуючы падтрымцы многіх партнёраў, Украіна значна ўмацавала сваю эшалонаваную сістэму абароны», — заявіў генерал.
Кейн таксама дадаў, што дзякуючы дапамозе саюзнікаў Украіна істотна ўмацавала шматузроўневую сістэму абароны і пашырыла ўласны вайсковы патэнцыял.
Падчас слуханняў генералу таксама задалі прамае пытанне пра тое, каго ён хоча бачыць пераможцам у вайне паміж Расіяй і Украінай.
«Я хачу, каб перамагла Украіна», — адказаў Кейн.
На пытанне, ці з’яўляецца Расія сябрам ЗША, генерал адказаў, што гэта «складаныя адносіны», і дадаў, што не лічыць Расію сябрам Амерыкі.
У той жа час Паветраныя сілы ЗСУ раней не паведамлялі пра збіццё расійскага знішчальніка з дапамогай F-16.