Экс-міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў адмовіўся ад усіх пасад, прапанаваных Зяленскім
6- 22.07.2026, 9:59
- 4,756
Фота: Getty Images
Перамовы вяліся на працягу шасці гадзін у мінулыя выхадныя.
Былы міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў адмовіўся ад некалькіх пасад, якія пасля яго звальнення прапанаваў яму прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, паведамляе «Украінская праўда» са спасылкай на крыніцы ў палітычных колах.
Паводле дадзеных выдання, Зяленскі прапанаваў Фёдараву застацца ва ўладзе, заняўшы пасаду, звязаную з тэхналагічным развіццём, у прыватнасці, пасаду віцэ-прэм'ера па тэхналагічным накірунку. Аднак былы міністр адмовіўся, бо лічыць, што рэалізаваць сваю стратэгію стрымлівання Расіі без паўнамоцтваў, якімі валодае Мінабароны Украіны, немагчыма.
Як сцвярджае крыніца з вайсковых колаў, Фёдараў таксама спасылаўся на тое, што пасля прызначэння Міхаіла Драпатага галоўнакамандуючым ЗСУ папярэдняя каманда Мінабароны магла б адразу прыступіць да працы над рэфармаваннем Сіл абароны. Калі ж ведамства ўзначаліць новы чалавек, на фарміраванне каманды і паглыбленне ў працэсы спатрэбяцца месяцы.
Як піша Financial Times са спасылкай на інфармаваныя крыніцы, Зяленскі абмяркоўваў з Фёдаравым магчымасць яго вяртання ва ўладу каля шасці гадзін у мінулыя выхадныя і затым амаль штодня падтрымліваў з ім кантакт. Сцвярджаецца, што ўкраінскі прэзідэнт прапаноўваў экс-міністру некалькі высокіх пасад, у тым ліку ў Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны з паўнамоцтвамі курыраваць абаронныя тэхналогіі, ваенную рэформу і развіццё вытворчасці далёкабойных узбраенняў.
Суразмоўцы выдання таксама сцвярджаюць, што Фёдараў адхіліў усе прапановы і настойвае толькі на вяртанні на пасаду міністра абароны.
Нагадаем, напярэдадні Уладзімір Зяленскі адправіў у адстаўку галоўнакамандуючага ЗСУ Аляксандра Сырскага і прызначыў на яго месца камандуючага Аб'яднанымі сіламі
Міхаіла Драпатага. Адначасова палітык паведаміў, што прапанаваў экс-міністру абароны Міхаілу Фёдараву «годную пасаду ў сістэме дзяржаўнай улады», звязаную з развіццём тэхналагічнага накірунку. Сам Фёдараў публічна павіншаваў Драпатага з прызначэннем і заявіў, што ўкраінскае войска мае патрэбу ў далейшых пераўтварэннях.